Абама прызначыў нобелеўскага лаўрэата міністрам энергетыкі ЗША
5- 16.12.2008, 9:10
Абраны прэзідэнт ЗША Барак Абама прызначыў на пасаду міністра энергетыкі краіны Стывена Чу, які ў 1997 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы.
Стывен Чу, сын кітайскіх імігрантаў, у цяперашні час узначальвае Нацыянальную лабараторыю Лоўрэнса Берклі, адзначае газета. Раней ён працаваў у Стэнфардскім універсітэце. У апошнія гады навуковец надаваў падвышаную ўвагу пытанням змены клімату, паведамляе агенцтва Bloomberg.
The Washington Post лічыць, што Б.Абама, судзячы па ўсім, "плануе здзейсніць магутны рывок у бок мер па барацьбе з глабальным пацяпленнем, а таксама па інавацыях у галіне энергетыкі". Галоўным дарадчыкам прэзідэнта ў галіне энергетыкі ("энергетычным царом") стане Кэрал Браўнер, якая кіравала Агенцтвам аховы навакольнага асяроддзя пры Біле Клінтане.
Само прыродаахоўнае агенцтва ўзначаліць Лайза Джэксан, кіраўнік апарата губернатара Нью-Джэрсі.
Газета адзначае, што большасць крэслаў у кабінеце міністраў займаюць дэмакраты, аднак Б.Абама паспрабаваў увесці ў ягоны склад і людзей з ярка выяўленымі рэспубліканскімі сімпатыямі: так, Роберт Гейтс, пакінуты на пасадзе міністра абароны, ніколі не быў зарэгістраваны ў якасці сябра партыі, але лічыць сябе рэспубліканцам.