9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы пачалі абыходзіць крамы стараною

12

Скарачэнне прыбыткаў з-за «тлятворнага» уплыву сусветнага эканамічнага крызісу прывяло да таго, што беларускія грамадзяне ўжо другі месяц набываюць менш тавараў.

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у лістападзе цяперашняга года ў параўнанні з кастрычнікам рознічны таваразварот скараціўся на 8,5%. Пакупальніцкая актыўнасць насельніцтва ў Беларусі падае ўжо другі месяц запар. Праўда, у кастрычніку яно было яшчэ не такім істотным — 3,8%. Але і сусветны крызіс Беларусь тады закрануў яшчэ не так. Праблем са збытам у беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў яшчэ не назіралася. Такім чынам, пераходзіць на скарочаны тыдзень або адпраўляць у адпачынкі працаўнікоў неабходнасці не было, пішуць «Белорусские новости».

У лістападзе, калі сусветныя праблемы дакаціліся і да беларускай выспы стабільнасці, а нашы прадпрыемствы пачалі буксаваць, рознічны таваразварот упаў фактычна ў два з нечым разы, і склаў мінус 12,3% за два месяцы. Праўда, на агульнай статыстыцы гэта не адбілася. За 11 месяцаў рознічны таваразварот вырас на 22,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У грашовым выразе ён склаў 45,9 трлн. рублёў.

Цікаўна, што на пакупальніцкай актыўнасці ніяк не адбілася падвышэнне ў лістападзе тарыфнай стаўкі першага разраду, што дазволіла павялічыць намінальны заробак бюджэтнікаў у сярэднім на 21,4%. Праўда, ужо ў снежні гэтае рашэнне было адкручанае назад і аб падвышэнні прыйшлося забыцца.

Па меркаванні эканаміста Леаніда Заікі, спад спажывецкай актыўнасці беларусаў можа быць звязаны і з тым, што асноўная частка насельніцтва пераносіць свае найбольш маштабныя пакупкі на канец года — да Каляд і Новага году. Казаць жа аб сур'ёзным падзенні попыту можна, калі рознічны таваразварот знізіцца адразу на 15% у месяц, лічыць ён.

Па выніках апытанняў, якія праводзіліся ў інтэрнэце ў лістапада-снежні, Marketing.by робіць выснову, што сёння спажыўцы імкнуцца не траціць, а захоўваць грошы; наведвальнікам Marketing.by і TUT.By прапаноўвалася адказаць на пытанне аб тым, на што б яны выдаткавалі свой дадатковы заробак.

«Асноўная выснова, якую можна зрабіць па выніках апытання — спажыўцы сёння вельмі асцярожна ставяцца да траты грошай. Яны аддаюць перавагу адкладаць зберажэнні, купляць толькі самае неабходнае, а таксама пры наяўнасці крэдыту імкнуцца яго вярнуць», - піша сайт Marketing.by.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках