За ўлёткі пра зьніклых у студэнцкім гарадку БДУ затрымалі апазыцыянераў
1- 16.12.2008, 14:23
16 снежня ў студэнцкім гарадку БДУ былі затрыманыя 5 актывістаў руху «Маладая Беларусь», у тым ліку і яго лідэр Артур Фінькевіч.
Акрамя Фінькевіча, былі затрыманыя актывісты Алесь Сьцепаненка, Валеры Саковіч, Сяргей Кастыленка і Алег Кероль.
Актывісты "Маладой Беларусі" раздавалі студэнтам улеткі з інфармацыяй пра зьніклых беларускіх палітыкаў. Ва ўлётках таксама нагадвалася, што 16 дня кожнага месяца ў Беларусі праводзіцца акцыя салідарнасьці па зьніклых.
Актывістаў Маладой Беларусі затрымлівалі людзі ў цывільным, якія паводзілі сябе па-хамску, вырывалі з рук актывістаў і студэнтаў улеткі, правакавалі маладзенаў на бойку. Пасьля затрыманьня актывістаў людзьмі ў цывільным, да месца распаўсюду ўлетак пад'ехаў начальнік Маскоўскага РУУС г.Менску, які і аддаў загад даставіць маладых людзей у РУУС.
Артур Фінькевіч паведаміў па тэлефоне, што вышэйазначаныя дзеяньні міліцыянтаў чарговы раз паказваюць сапраўднае аблічча так званай “лібэралізацыі”. “Зразумела, што ніякай лібэралізацыі чакаць не варта. Сапраўдныя намеры беларускага дыктатарскага рэжыму абсалютна відавочныя – улады баяцца моладзі, баяцца праўды пра зьніклых беларускіх палітыкаў, і сваю палітыку замоўчваньня праўды будуць праводзіць любымі мэтадамі” – сказаў Артур Фінькевіч.