9 чэрвеня 2026, aўторак, 20:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Умова вяртання недзяржаўных газет – «карэктаванне рэдакцыйнай палітыкі»?

3

На пачатку снежня — праз некалькі дзён пасля вяртання «Народнай волі» і «Нашай Нівы» ў кіёскі «Белсаюздруку» — у рэдакцыю «Бобруйского курьера» патэлефанавалі з ідэалагічнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама.

Чыноўнікі пацікавіліся, ці прадаецца недзяржаўнае выданне ў кіёсках і ці можна на яго падпісацца на пошце.

Галоўны рэдактар Анатоль Санаценка паведаміў, што ў мінулым годзе «Белсаюздрук» спыніў супрацоўніцтва з газетай, а падпіска «Белпошты» ў выдання захавалася.

У той жа дзень праз пэўны час з аблвыканкама патэлефанавалі паўторна: чыноўнік параіў унесці карэктывы ў рэдакцыйную палітыку газеты, каб апошняя змагла «праз 2–3 месяцы» вярнуцца ў кіёскі. Кіраўніцтва «Бобруйского курьера» на гэта адказала, што ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, паведамляе прэс-служба БАЖ.

На сёння пазбаўленыя распаўсюду праз гандлёвую сетку прадпрыемстваў «Саюздруку» рэспубліканскія недзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты «Товарищ», «Новы час» і рэгіянальныя выданні: «Бобруйский курьер», «Борисовские новости», «Витебский курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета для Вас» (Івацэвічы), «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Нясвіжскі час».

Не маюць магчымасці патрапіць да чытача праз паштовую падпіску: «Товарищ», ­«СНплюс. Свободные новости плюс», «Новы час», «Борисовские новости», «Витебский курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press».

З-за немагчымасці нармальна распаўсюджвацца ў 2008 годзе яшчэ дзве не­залежныя рэгіянальныя газеты — «Ляхавіцкі час» і «Мясцовы час» (Пінск) — былі вымушаныя прыпыніць выхад.

Раней з гэтых жа прычын (а таксама з-за праблемы з друкам у Беларусі) прыпынілі існаванне друкаваныя выданні: «БДГ Деловая газета», «Салідарнасць», «Биржа информации» (Гродна), «Местная газета» (Ваўкавыск), «Химик» (Наваполацк) і некаторыя іншыя выданні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках