Вольга Казуліна заявіла аб выхадзе з БСДП (Грамада)
6- 23.12.2008, 8:43
Вольга Казуліна, дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, услед за бацькам абвясціла аб сваім выхадзе з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
У інтэрв'ю для www.kozylin.com Вольга заявіла, што ейнае рашэнне пакінуць партыю звязанае не толькі з жаданнем падтрымаць бацьку.
«Знаходзіцца ў адной партыі з людзьмі, якім чужыя элементарныя паняцці аб маралі, мне чалавеча непрыемна. Нажаль, у цяперашнім кіраўніцтве Грамады такія людзі пераважаюць. Я не ведаю, якія задачы яны ставяць перад палітычнай партыяй, але на паверку памкнення гэтых спадароў звязаныя, перш за ўсё, з іх асабістым матэрыяльным дабрабытам, а не барацьбой за дэмакратычныя рэформы.
Калі цяперашняй улады спатрэбіцца зубатаўшчына, то яна знойдзе годных партнёраў у асобе спадара Ляўковіча і Co», - адзначыла Вольга Казуліна.
Радавыя актывісты БСДП (Г) з расчараваннем ацэньваюць сітуацыю, якая склалася.
«Дзеянні Ляўковіча прывялі да таго, што партыю пакінулі знакавыя постаці. Шкада, што Вольга, энергічны малады палітык была вымушаная сысці ад нас. Грамадзе вельмі не хапае маладых асоб і ясных галоў»- гаворыцца ў лісце, што прыйшоў на электронную пошту сайта.
Нагадаем, 21 снежня на паседжанні Цэнтральнага камітэта БСДП (Грамада) аб сваім рашэнні аб выхадзе з партыі заявілі экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, а таксама Аляксей Кароль і Ўладзімір Нісцюк.