Пад кожную навагоднюю елку – па міліцыянту
12- 4.12.2008, 15:38
ГУУС Менска прыняла рашэнне арганізаваць кругласутачнае дзяжурства супрацоўнікаў міліцыі каля навагодніх елак.
Аб гэтым паведамілі агенцтву "Интерфакс-Запад" у ГУУС Менгарвыканкама.
Каля ўсіх менскіх навагодніх елак будуць кругласутачна дзяжурыць супрацоўнікі міліцыі", - паведамілі ў ГУУС.
Там патлумачылі, што "гэтае рашэнне прынятае для захавання елачных упрыгожванняў і падтрымання парадку ў месцах масавага збору людзей". "Міліцыя будзе кругласутачна дзяжурыць каля елак да іх дэмантажу", удакладнілі ў ГУУС.
Паводле словаў суразмоўцаў агенцтва, "у Менску ўсталяваныя 7 цэнтральных елак - дзве на плошчы Незалежнасці і па адной на Кастрычніцкай плошчы, а таксама паблізу ад Палаца спорту, Палаца дзяцей і моладзі, Нацыянальнай бібліятэкі, Лядовага палаца".
"Бліжэй да калядных святаў у кожным раёне Менска будуць усталяваныя навагоднія елкі. Прынятае рашэнне, што каля іх таксама кругласутачна будзе дзяжурыць міліцыя", удакладнілі ў ГУУС. Летась у Менску было ўсталявана каля 100 святочных елак.
У ГУУС папярэдзілі, што "за крадзеж 1 лямпачкі з елкі па адміністрацыйным заканадаўстве прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў (1 базавая велічыня - Br 35 тыс. - ИФ), акрамя гэтага можа быць ужытае пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту". "Міліцыя будзе расцэньваць як дробнае хуліганства, калі чалавек наўмысна разбіў лямпачку на елцы. У гэтым выпадку прадугледжаны штраф да 30 базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт", - паведамілі ў ГУУС. Ва ўпраўленні падкрэслілі, што "да кожнага выпадку крадзяжу елачных упрыгожванняў ці іх пашкоджання міліцыя будзе падыходзіць індывідуальна".