Даляры беларусы зараз скупляюць моўчкі
18- 5.12.2008, 8:36
Як беларусы рэагуюць на заяву Нацыянальнага банка аб гатовасці прыцягваць да адказнасці за інфармацыю аб магчымым краху эканомікі?
Нагадаем, што на днях чыноўнікі Нацбанка заявілі, што ў апошні час з'явіліся людзі, якія прадстаўляюцца сваякамі і сябрамі кіраўнікоў органаў дзяржкіравання і сеюць паніку ў касавых залах. Такіх панікёраў парэкамендавалі выяўляць з дапамогай МУС і прыцягваць да крымінальнай адказнасці.
- Гаворка ідзе аб людзях, якія заходзяць у банк і пачынаюць запалохваць кліентаў. Яны могуць проста падыйсці да любога чалавека і пачаць распаўсюджваць чуткі ў чарзе. Калі гэта мэтанакіравана, ім пагражае артыкул 250 КК РБ «Аб распаўсюджванні ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах», - растлумачыў газеце «Комсомольская правда в Беларуси» начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў.
Па гэтым артыкуле паложаны штраф, або выпраўленчыя працы да двух год, або арышт на тры месяцы, або абмежаванне волі на два гады.
- А калі проста размаўляць у чарзе аб сусветным фінансавым крызісе, могуць папрасіць прайсці ў аддзяленне міліцыі? - удакладніла газета ў Нацбанку.
- Вядома, усё можа быць. А міліцыя ўжо высвятліць, ці мэтанакіравана вы распаўсюджвалі чуткі, -- адказалі там.
Журналісты накіраваліся ў банкі, каб праверыць, ці палохаюць адзін аднаго беларусы фінансавым крызісам. У канцы працоўнага дня жадаючых паспець абмяняць грошы было шмат. Усе маўчалі. Некаторыя пералічвалі з калькулятарам рублі. Толькі адзін з мінакоў заўважыў побач з таблічкай з курсамі:
- О-о! Ізноў курс паднялі….
У абменным пункце на вакзале чарга была даўжэйшая, а людзі такія ж негаманлівыя. Толькі парачка шапталася аб асабістых справах. Трое маладых людзей загаварылі напаўголасу:
- Захацелася схадзіць у цырк.
- Навошта?
- Так, вясёлага ў жыцці мала. Фінансавы крызіс…
- Цішэй, ціш-ш-шэй, - зашыпела дзяўчына. - Не чулі пра навіну? Зараз вас арыштуюць!
Усе засмяяліся. Яшчэ б: вакол не было ні воднага міліцыянта.