Расея абяцае «прыглядзець» за адносінамі Беларусі і ЕЗ
5- 5.12.2008, 12:31
«Расея будзе ўважліва сачыць за палітыкай ЕЗ на постсавецкай прасторы», - заявіў пастаянны прадстаўнік Расеі пры Еўразвязе Ўладзімір Чыжоў.
Так ён пракаментаваў прадстаўленую напярэдадні праграму Еўразвяза «Усходняе партнёрства», паведамляе «Нямецкая хваля».
Чыжоў запэўніў, што Расея не прэтэндуе на манапалізм у адносінах з былымі савецкімі рэспублікамі.
Пастаянны прадстаўнік РФ пры ЕЗ таксама дадаў, што сама Расея не можа далучыцца да праграмы «Усходняе партнёрства» у сілу іншага фармату адносінаў з ЕЗ.
Як ужо паведамлялася, 3 снежня ў Брусэлі была прадстаўленая новая ініцыятыва ЕЗ «Усходняе партнёрства» па адносінах да ўсходнееўрапейскіх суседзяў і партнёраў. Ініцыятыва накіраваная ў адносінах Беларусі, Малдовы, Украіны, Арменіі, Азербайджана і Грузіі.
Ад Беларусі ЕЗ чакае пэўных крокаў – акрамя адаптацыі ўсяго корпуса заканадаўства ЕЗ, прызнання рашэння Еўрапейскага Суду, падпісання Мемарандума аб паразуменні ў сферы энергетычнай бяспекі, беларускім уладам неабходна прадэманстраваць прагрэс у лібералізацыі і дэмакратызацыі. Ступень удзелу Беларусі ў праекце будзе вызначаная толькі напрыканцы паўгадавога перыяду прыпынення дзеяння санкцый.