Сесія парламенцкага сходу «саюзнай дзяржавы» таксама перанесеная
1- 5.12.2008, 14:55
35-я сесія Парламенцкага сходу «саюза» Беларусі і Расеі перанесеная на 16 снежня. Першапачаткова планавалася правесці яе 9 снежня.
Месца правядзення сесіі застаецца ранейшым - Менск. Не змяніўся і парадак дня сесіі. Асноўным пытаннем стане надаванне паўнамоцтваў «парламентарам», дэлегаваным «нацыянальным сходам» Беларусі.
Парламенцкі сход складаецца з роўнай колькасці прадстаўнікоў дзяржаваў - удзельніцаў: Беларусь і Расея дэлегуюць па 36 чалавек. «Палата прадстаўнікоў» мае 23 месцы, «савет рэспублікі» - 13.
На сесіі таксама плануецца разгледзець меры па ліквідацыі недахопаў у арганізацыі падрыхтоўкі праграмаў «саюзнай дзяржавы» і па ўдасканаленні бюджэтнага працэсу. Акрамя таго, «саюзныя» парламентары абмяркуюць планы міжнароднай дзейнасці на 2009 год.
Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, запланаванае на 1 снежня паседжанне вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» было адкладзенае, і Аляксандр Лукашэнка не паехаў у Маскву, як планавалася. Расейскія СМІ сцвярджаюць, што адмена дзяржсавета звязаная з тым, што беларускі бок у апошні момант вырашыў уносіць у парадак паседжання пытанне кошту на газ.