Сярод кандыдатаў на пасаду кіраўніка РПЦ – беларускі мітрапаліт Філарэт
- 5.12.2008, 17:21
Раптоўнае скананне Алексія II дае падставу назіральнікам паразважаць аб тым, хто можа стаць яго пераемнікам.
Праўда, размовы аб гэтым вядуцца ўжо не першы год. Праблемы Патрыярха са здароўем не раз ужо прымушалі казаць аб прэтэндэнтах на патрыяршы пасад, адзначае NEWSru.com.
У цяперашні час у Маскве на пазачарговае паседжанне павінен сабрацца Святы Сінод - калегіяльны вышэйшы орган царкоўнай улады ў Рускай Праваслаўнай Царкве, якія пастаянна дзейнічае і ажыццяўляе заканадаўчую і выканаўчую ўладу ў перыяд паміж Памеснымі і Архіерэйскімі саборамі. Ён павінен абраць часовага выканаўцу абавязкаў патрыярха, ці месцаблюсціцеля патрыяршага пасаду.
Пункт 13-ты Статуту РПЦ абвяшчае: "У выпадку сканання Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, яго сыходу на спачын, знаходжанні пад царкоўным судом ці іншай прычыны, якая робіць немагчымым выкананне ім патрыяршай пасады, Святы Сінод пад старшынствам найстарэйшага па хіратоніі пастаяннага чальца Святога Сінода неадкладна абірае з ліку сваіх пастаянных чальцоў Месцаблюсціцеля Патрыяршага Пасаду".
Як паведамляе партал "Интерфакс-Религия", прыводзячы інфармацыю крыніцы ў Маскоўскім Патрыярхаце, "паводле дзейснага статуту Рускай праваслаўнай царквы, у перыяд вакансіі патрыяршай кафедры Святы Сінод абірае з ліку сваіх пастаянных чальцоў месцаблюсціцеля патрыяршага пасаду".
Далей, па статуце Рускай царквы, не пазней за шэсць месяцаў пасля вызвалення патрыяршага пасаду месцаблюсціцель і Святы Сінод склікаюць Памесны сабор для абрання новага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.
Кандыдат у Патрыярхі павінен быць архіерэем не маладзей за 40 гадоў, валодаць вышэйшай багаслоўскай адукацыяй, дастатковым досведам епархіяльнага кіравання.
У XX стагоддзі Патрыярх Ціхан (Бялавін) быў абраны на пасад жэрабем з трох папярэдне зацверджаных на Памесным саборы кандыдатаў; у перыяд жорсткага дзяржаўнага кантролю над справамі Царквы Патрыярхі Сергій (Страгародскі), Алексій I (Сіманскі) і Пімен (Ізвекаў) былі абраныя адкрытым безальтэрнатыўным галасаваннем пасля ўхвення ўрада.
Алексій II быў абраны на Памесным саборы ў 1990 годзе таемным галасаваннем, у першым туры якога ўдзельнічалі тры кандыдаты, зацверджаныя раней Архіерэйскім Саборам (прычым Памесны сабор меў права дадаць у гэты спіс новых кандыдатаў), а ў другім - два кандыдаты, якія набралі большасць галасоў у першым туры.
Патрыярх уступае ў сан падчас спецыяльнай урачыстай цырымоніі - інтранізацыі, якая здзяйсняецца праз некалькі дзён пасля абрання.
Сярод патэнцыйных пераемнікаў супачылага кіраўніка РПЦ назіральнікі называюць чатырох кандыдатаў: Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта (Вахрамеева); старшыню Камісіі па кананізацыі пры Святым Сінодзе РПЦ мітрапаліта Круціцкага і Каломенскага Ювяналія (Паяркава); старшыню Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата (АЗЦС МП) мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла (Гундзяева) і кіраўніка справамі Маскоўскай Патрыярхіі мітрапаліта Калужскага і Бароўскага Клімента (Капаліна). Усе яны з'яўляюцца пастаяннымі чальцамі Сінода. Апошнія двое ўваходзяць у склад чальцоў Сінода "ex officio" - "па пасадзе", хаця менавіта іх нярэдка згадвалі як найбольш верагодных прэтэндэнтаў у кіраўнікі РПЦ.