Крыніца ў Еўракамісіі: Увесну Еўразвяз можа ізноў увесці санкцыі супраць Лукашэнкі
7- 8.12.2008, 7:46
Удзел Беларусі ў новай ініцыятыве Еўрапейскага Звяза - праграме «Усходняе партнёрства» - будзе вызначаны да сакавіка-красавіка 2009 года.
Аб гэтым украінскаму агенцтву навін УНІАН паведаміла крыніца ў Еўрапейскай камісіі. Суразмоўца агенцтва адзначыў, што рашэнне ЕЗ будзе залежаць ад дэмакратычных змен у Беларусі.
«Пакуль Аляксандр Лукашэнка можа ездзіць у краіны-ўдзельніцы ЕЗ. Аднак гэта было палітычнае рашэнне», - сказаў прадстаўнік Еўракамісіі.
Крыніца адзначыла, што ўжо ў сакавіку-красавіку Рада міністраў замежных спраў ЕЗ яшчэ раз ацэніць сваё рашэнне, прынятае ў кастрычніку гэтага года, аб часовым прыпыненні візавых санкцый супраць прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва Беларусі.
«Тут можа быць тры варыянты рашэння: альбо прыпыненне дзеяння санкцый будзе працягнутае, альбо санкцыі будуць адмененыя цалкам, альбо санкцыі будуць адноўленыя», - сказаў прадстаўнік Еўракамісіі.
3 снежня Еўракамісія прадставіла свае прапановы па «Усходнім партнёрстве» – польска-швецкай ініцыятыве, прадстаўленай у маі гэтага года і ўхваленай на паседжанні Еўрапейскай Рады ў чэрвені 2008 года.
Праграмай «Усходняе партнёрства» плануецца ахапіць 6 краін-суседзяў ЕЗ: Азербайджан, Арменію, Грузію, Малдову, Украіну, а таксама Беларусь пры ўмове дэмакратызацыі краіны.
Рада міністраў ЕЗ па агульных справах і знешніх адносінах 13 кастрычніка прыпыніла на паўгады дзеянне візавых санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі.