Чыноўнікаў, якія спазніліся на працу, папярэдзілі, а медыкаў – пазбавілі прэмій
5- 9.12.2008, 9:27
Тых, хто спазніўся на працу 26 лістапада, у дзень праверкі, усё жа не звольнілі - негледзячы на пагрозы старшыні Камітэта дзяржаўнага кантроля Зянона Ломаця.
Але, як запэўніла «Еўрарадыё» начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Барысаўскага райвыканкама Святлана Ўласава, дысцыплінарныя пакаранні закранулі ўсіх супрацоўнікаў.
«Дакументы ляжаць перада мной. Гэта копіі загадаў па кожным структурным падраздзяленні аб дысцыплінарных спагнаннях. Усе, хто спазніўся, ці ўсе, хто парушыў працоўную дысцыпліну: хтосьці, можа, камандзіровачныя не адзначыў у журнале рэгістрацыі – усе прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Звальненняў не было», - паведаміла Святлана Ўласава.
Нагадаем, 26 лістапада Камітэт дзяржкантролю правёў праверку на 120 арганізацыях Менска. Гэта міністэрствы, выканкамы, бальніцы. Больш за 400 чыноўнікаў не прыйшлі на працу своечасова.
Самымі злоснымі парушальнікамі працоўнай дысцыпліны выявіліся Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства юстыцыі, замежных справаў і адукацыі. Таксама ў чорным спісе аказаліся адміністрацыі Кастрычніцкага і Фрунзенскага сталічных раёнаў, Барысаўскі, Менскі і Маладзечненскі райвыканкамы і Менская цэнтральная раённая лякарня.
Да звальненняў не дайшло і ў Міністэрстве эканомікі. Там чыноўнікаў проста папярэдзілі. Аднак у наступны раз, запэўніў «Еўрарадыё» кіраўнік аддзела кадраў Барыс Конанаў, будуць прымацца больш жорсткія меры.
«Мы проста папярэдзілі людзей. Канечне, у наступны раз будзем прымаць больш жорсткія меры. Распарадак дня – ёсць распарадак. Ён запісаны ў кантракце кожнага.», - сказаў Барыс Конанаў.
Зрэшты, дадаў ён, звычайна людзі не на шмат спазняюцца, «сур’ёзныя» спазненні – рэдкасць.
«У нас «сур’ёзных» толькі тры недзе. А так - на хвіліну-дзве», - пацвердзіў Барыс Конанаў.
А вось медыкам Менскай цэнтральнай раённай бальніцы пашчасціла не так. Нават тых супрацоўнікаў, што прыйшлі своечасова, але якіх праверка застала падчас пераапранання, начальства пазбавіла 50% прэміяў, распавяла старэйшы інспектар па кадрах Кацярына Ізмайлава.
«У нас толькі адзін чалавек спазніўся. Яшчэ два чалавекі пераапраналіся ў кабінетах. І людзям, згодна з дагаворам і палажэннем аб прэміраванні, абвешчаная заўвага, і яны былі пазбаўленыя 50% прэміі. Адзін чалавек на 4 хвіліны спазніўся. І двое людзей несвоечасова прыступілі да працы. І тое гэта сярэдні медперсанал. Урачы, дзякуй богу, былі на месцы», - адзначыла Кацярына Ізмайлава.
У астатніх Міністэрствах нам паведамілі, што меры пакарання парушальнікаў – гэта іх унутраная і сакрэтная справа. Аднак даць справаздачу ў Камітэт дзяржкантролю яны ўсё ж абавязаныя. Пакуль, як паведамілі «Еўрарадыё» ў прэс-цэнтры Камітэту, у іх няма інфармацыі пра санкцыі, ужытыя арганізацыямі да парушальнікаў. Але на працягу тыдня грамадскасці стануць вядомыя ўсе падрабязнасці кожнага асобнага спосабу пакарання.