Станкабудаўнічы завод можа супыніць працу
1- 9.12.2008, 19:14
Працаўнікі вытворчае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства МЗОР (былы Менскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі) рыхтуюцца да вымушанага адпачынку.
Аб гэтым працоўныя паведамілі «Народнай волі».
Эканаміст прадпрыемства ўдакладніў, што на заводзе ўзніклі праблемы з аплатай плацяжоў.
«Фінансавы крызіс ужо пагрукаў у дзверы. Спажыўцы прадукцыі зацягваюць плацяжы, у выніку нам цяжкавата разлічвацца з сваімі партнёрамі», - сказаў эканаміст.
Яшчэ адзін станкабудаўнік, які працуе майстрам, кажа, што не задаволены сваім заробкам, каторы атрымлівае на заводзе.
«Ну як можна быць задаволеным пры такіх цэнах?.. А тут вось перспектывы няясныя... Збіраемся ў доўгі адпачынак — з 25 снежня па 10 студзеня», - зазначыў майстар.
Па ягоных словах, дакладнасць таго, што супрацоўнікам пагражае вымушаны адпачынак, - 90 адсоткаў.
Гэты супрацоўнік таксама назваць сваё прозвішча не пажадаў.
«Ня трэба пісаць. Самі разумееце», — сказаў ён і шпарка пайшоў прэч.
Электрык, які ізноў-такі адмовіўся назваць сваё прозвішча, пацвердзіў, што на прадпрыемстве рыхтуюцца да вымушанага адпачынку і што ходзяць размовы аб тым, што некаторыя спажыўцы прадукцыі змяншаюць заказы на новы год. Гэта, вядома, засмучае калектыў.