9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

"Human Rights Watch": Беларускія ўлады зрабілі немагчымай дзейнасьць апазыцыі

Такая выснова ўтрымліваецца ў штогадовай справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Human Rights Watch". У справаздачы таксама выказваецца заклапочанасьць тым, што беларускія ўлады спрабуюць запалохаць і кантраляваць праваабарончыя арганізацыі.

Хоць удзел у апазыцыйных палітычных арганізацыях у Беларусі не супярэчыць закону, на практыцы іх дзейнасьць практычна немагчымая. Трэба абавязкова мець рэгістрацыю, але ў такой рэгістрацыі ўлады часта адмаўляюць беспадстаўна і па надуманых прычынах, цытуе справаздачу міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Радыё Свабода”.

За мінулы год дзясяткі апазыцыйных актывістаў былі зьбітыя і арыштаваныя па сфальшаваных абвінавачваньнях. Некаторыя лідэры і актывісты апазыцыі застаюцца за кратамі – у прыватнасьці, у справаздачы згадваюцца справы былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, асуджанага на 5 з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачваньня ў хуліганстве, і аднаго зь лідэраў "Маладога Фронту" Артура Фінькевіча, зьняволенага за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што за апошні час шэраг беларускіх студэнтаў былі выключаныя з унівэрсытэтаў за ўдзел у апазыцыйных арганізацыях.

У справаздачы выказваецца заклапочанасьць тым, што беларускія ўлады спрабуюць запалохаць і кантраляваць праваабарончыя арганізацыі. У прыватнасьці, згадваецца адмова ў рэгістрацыі праваабарончаму цэнтру "Вясна" і штрафныя санкцыі супраць Беларускага Хэльсынскага камітэту.

У разьдзеле, прысьвечаным свабодзе рэлігіі, гаворыцца, што ад лета 2006 да лета 2007 году зь Беларусі выслалі больш за 25 каталіцкіх і пратэстанцкіх сьвятароў, якія нібыта стваралі "пагрозу нацыянальнай бясьпецы".

Аглядаючы сытуацыю з мэдыямі, праваабаронцы пішуць, што беларускія ўлады ўзмацняюць кантроль за інтэрнэтам, пэрыядычна блякуючы палітычна непажаданыя сайты. На думку аўтараў справаздачы "Human Rights Watch", справа Андрэя Клімава, асуджанага ў жніўні 2007 году за публікацыю ў інтэрнэце, паказвае, што інтэрнэт больш не зьяўляецца бясьпечным месцам для крытыкі ўладаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках