9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура пагражае крымінальным пераследам святару

Пракуратура Маскоўскага раёна Менска пагражае крымінальным пераследам біскупу Аб'яднання суполак хрысціян поўнага Евангелля, пастару царквы «Новае Жыццё» Вячаславу Ганчарэнку за парушэнне загадаў, вынесеных па фармальных прычынах.

Канфлікт паміж Менгарвыканкамам і суполкай «Новае Жыццё» праз будынак храма перайшоў на іншы ўзровень. З канца 2007 г. прадстаўнікі шасці кантралюючых службаў наведалі царкву з мэтай інспектавання будынка, паведамляецца ў распаўсюджанай ад імя Аб'яднання суполак хрысціян поўнага Евангелля заяве.

У свой час у кастрычніку 2006 г. гэты канфлікт выліўся ў акцыю грамадзянскага непадпарадкавання «Пост-галадоўка», у якой узялі ўдзел больш за дзвесце вернікаў. Пасля таго, як Вышэйшы Гаспадарчы Суд прыняў да разгляду дадзеную спрэчку, акцыя пратэсту была прыпыненая. Аднак у красавіку 2007 г. разгляд справы быў адкладзены на нявызначаны тэрмін.

Бяздзейнасць улад вымусіла вернікаў зноў выйсці за рамкі прававога поля і працягнуць акцыю грамадзянскага непадпарадкавання ў новым фармаце: на агульным сходзе сяброў царквы было прынятае рашэнне не ўпускаць у будынак службоўцаў, якія валодаюць правам накладаць адміністрацыйныя спагнанні.

На такую пазіцыю жорстка адрэагавала пракуратура, пагражаючы Біскупу паўнаевангельскага рэлігійнага Аб'яднання, пастару царквы «Новае Жыццё» Вячаславу Ганчарэнку крымінальнай адказнасцю.

Аднак нягледзячы на пагрозы, «Новае Жыццё» па-ранейшаму будзе закрытае для наведвання службоўцаў да выканання патрабаванняў вернікаў, заяўленых падчас паста-галадоўкі: адмена пазапраўнага рашэння Менгарвыканкама аб прымусовым выкупе будынка царквы і перапрафіляванне будынка ў культавы.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках