Стаць журналістам ці юрыстам з гэтага часу будзе больш складана
4- 11.02.2008, 12:02
На такія спецыяльнасці, як міжнародная дзейнасць, журналістыка, правазнаўства спатрэбіцца спецыяльны дазвол улад, пазначанае як прафесійна-псіхалагічная гутарка або тэставанне.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 70, якім занесеныя дадаткі і змены ў правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Паводле новага закона, усталёўваюцца аднолькавыя ўмовы і скарачаюцца тэрміны падачы дакументаў у ВНУ і ССНУ на бюджэтную і платную формы навучання.
У конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях, па якіх прад'яўляюцца адмысловыя патрабаванні да спецыялістаў (у тым ліку, журналістыка, правазнаўства і міжнародная дзейнасць) маюць права ўдзельнічаць асобы, якія прайшлі прафесійна-псіхалагічную гутарку або тэставанне ў ВНУ ў парадку, усталяваным міністэрствам адукацыі.
Указ выключыў іспыт унутры ВНУ па прадметах, якія ўключаныя ў цэнтралізаванае тэставанне. Таксама дакументам паменшаная колькасць катэгорый абітурыентаў, якія маюць права на пазаконкурснае залічэнне. Такое права захавана за дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама за пераможцамі і прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фэстаў, спартовых спаборніцтваў і некаторымі іншымі катэгорыямі.
Астатнія абітурыенты, якім раней давалася такая ільгота, будуць тым не менш карыстацца правам пераважнага залічэння пры роўнай колькасці балаў, набраных на ўступных выпрабаваннях. Дзецям-інвалідам, інвалідам I і II групы прадстаўленае права ўдзельнічаць у конкурсе на завочную або вячэрнюю форму атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, перадае прэс-служба прэзідэнта Беларусі.
Вызначаныя крытэры конкурснага адбору для асоб, якія паступаюць для атрымання другой вышэйшай адукацыі.
Таксама занесеныя змяненні і дадаткі, датычныя мэтавага набору на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, прыёму ў беларускія вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы замежных грамадзян і іншыя.