Беларусь патрабуе ад РФ пакрыць шкоду ад аварыі на нафтаправодзе
- 18.02.2008, 14:56
Сумесны пазоў аб пакрыцці расейскім прадпрыемствам «Запад-Транснефтепродукт» шкоды ад парыву нафтаправода «Унеча-Роўна» пададуць міністэрства па надзвычайных сітуацыях і міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, паведамляе карэспандэнт газеты «Взгляд».
Пазоў будзе пададзены цягам двух тыдняў – пасля таго, як будзе ацэненая сума шкоды. У агульную суму будзе ўключаны кошт прац супрацоўнікаў МНС па ліквідаванні наступстваў аварыі, сума шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю ў выніку разводдзя нафтапрадуктаў, а таксама і кошт лабараторных даследаванняў па выяўленні забруджвання глебы ў месцы аварыі, якія цяпер праводзяць беларускія спецыялісты.
На гэты момант нафтаправод ужо запушчаны ў працу. Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай аварыі стаў раскол трубы. Працы па ліквідацыі наступстваў аварыі праходзяць дагэтуль, яны павінны быць завершаныя да пачатку разводдзя Дняпра.
Нагадаем, 14 лютага з трубаправода «Унеча-Роўна» у Рэчыцкім раёне (Гомельская вобласць) вылілася каля 70 куб.м дызельнага паліва. Гэта не першая аварыя на трубаправодах, якія належаць «Запад-Транснефтепродукт». У 2007 годзе адбыліся парывы нафтапрадкутаправода “Унеча-Вентспілс”. У выніку гэтых аварый з трубы выцяклі 125 тон дызпаліва.