Новым прэзідэнтам Арменіі стаў прэм'ер Серж Саркісян. Апазіцыя пратэстуе
- 20.02.2008, 13:06
Новым прэзідэнтам Арменіі стаў прэм'ер-міністр Серж Саркісян, паведаміў старшыня ЦВК Арменіі Гарагін Азаран пасля апрацоўкі 100% выбарчых бюлетэняў.
Саркісян упэўнена перамог у першым туры выбараў, набраўшы 52,86% галасоў выбаршчыкаў.
Азаран падкрэсліў, што паводле 51-ага артыкула Канстытуцыі Арменіі, прэзідэнтам рэспублікі становіцца кандыдат, які набраў 50% + адзін голас выбаршчыкаў, якія прайшлі на ўчасткі для галасавання.
Між іншым у Ерэване сёння з поўдня праходзіць акцыя пратэсту апазіцыі, у прыватнасці, прыхільнікаў экс-прэзідэнта Лявона Цер-Петрасяна, незадаволеных вынікамі выбараў кіраўніка рэспублікі, перадае "Інтэрфакс". Яны лічаць, што не Саркісян, а іх кандыдат перамог у першым жа туры. Паводле дадзеных жа ЦВК, Цер-Петрасян набраў усяго 21% галасоў.
Сябар перадвыбарнага штаба Цер-Петрасяна Нікол Пашынян заявіў на мітынгу: "Працэс пачаты, мы чакаем магутны мітынг. Нашы прыхільнікі раз'язджаюць па горадзе і паведамляюць грамадзянам. Чакаем нашых людзей з рэгіёнаў". "З нашага боку будзе злачынствам, калі мы пакінем краіну ва ўладзе злачыннага рэжыму", – сказаў Пашынян.
Паводле яго слоў, у акцыі ўдзельнічаюць 1,5 тысячы чалавек, а ў выбарчы штаб Цер-Петрасяна працягваюць паступаць новыя дадзеныя аб парушэннях падчас прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 лютага.
Улады Арменіі прадпрымаюць неабходныя меры бяспекі. На цэнтральны праспект Маршала Баграмяна ўжо падцягваюцца падраздзяленні ўнутраных войскаў і спецназа МУС Арменіі. Перакрытыя падыходы да Цэнтрвыбаркама, які знаходзіцца ў 100 метрах ад месца правядзення мітынгу апазіцыі.
Як паведаміў кіраўнік ЦВК, на трэцім месцы – Артур Багдасаран (16,66%), на чацвёртым – Ваан Ованесян (6,12%). Астатнія кандыдаты здолелі набраць ледзь больш за 2%.