9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас: «За нашу і вашу свабоду!»

"Хоць лад нашых краін істотна адрозніваецца, мы выдатна разумеем падабенства нашых лёсаў", – заявіў амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, выступаючы 20 лютага ў Менску на вечары, прысвечаным Дню літоўскай дзяржаўнасці.

"Мы не проста суседзі, мы шмат стагоддзяў жылі ў адной краіне, абаранялі адну радзіму, будавалі наш агульны дом – Вялікае княства Літоўскае, – сказаў Э.Багдонас. – Літвінамі зваліся грамадзяне нашай агульнай радзімы, а законы і Біблія пісаліся на старабеларускай мове".

Дыпламат падкрэсліў, што сёння паміж Беларуссю і Літвой усталяваная дзяржаўная мяжа, але літоўцы "дбайна берагуць кожны беларускі кавалачак".

"Вельмі б хацелася, каб мы, літоўцы і беларусы, разумелі, паважалі, шанавалі і любілі адзін аднаго. Для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы: агульная гісторыя і агульны дом", – сказаў Э.Багдонас.

Свой выступ ён скончыў словамі: "За нашу шчырую дружбу і добрасуседства! За нашу і вашу свабоду!"

У сваю чаргу намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка адзначыў, што асновай беларуска-літоўскіх стасункаў з'яўляюцца "сумесная гісторыя, агульныя героі, роднасныя сувязі, узаемная зацікаўленасць у інтэнсіфікацыі эканамічнага супрацоўніцтва і пашырэнне ўзаемадзеяння ў галіне навукі, адукацыі і культуры".

Дыпламат падкрэсліў, што цягам апошніх гадоў двухбаковыя сувязі развіваліся вельмі дынамічна. "Наяўны ўзровень узаемадзеяння, настрой кіраўніцтва і народаў дзвюх краін дазваляе рабіць аптымістычны прагноз будучага беларуска-літоўскага супрацоўніцтва", – сказаў прадстаўнік МЗС. Па яго словах, Беларусь і Літва могуць дамовіцца па самых сур'ёзных пытаннях, якія "пры іншым узроўні стасункаў маглі б стаць каменем перапоны".

"Мы вітаем намер Літвы і надалей шукаць шляхі ўмацавання добрасуседскіх і ўзаемавыгадных стасункаў з нашай краінай. У сваю чаргу, Беларусь гатовая да прагматычнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Літвой", – заявіў А.Еўдачэнка.

Афіцыйную частку мерапрыемства завяршыў канцэрт камернага аркестра Святога Крыстафера Віленскага муніцыпалітэта пад кіраваннем Данатаса Каткуса.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках