9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнік выйграў суды ў міліцыянтаў

14

Судзьдзі не знаходзяць у пратаколах зь мясцовага ГАУС вінаватасьці грамадзкага актывіста Аляксандра Васільева. Сябра кампаніі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" атрымаў перамогу на двух запар судах. Ён выкрыў фальшаваньне ў пратаколах ня толькі шараговых міліцыянтаў, але і ў іх начальніка.

Жыхару Пінска Аляксандру Васільеву – 35 гадоў. Ён мае сярэднюю адукацыю, досьвед у працы на будаўніцтве ў Расеі, а таксама ў арганізацыі прыватнага бізнэсу, піша Bulletinonline

У сваім камэнтары да судоў супраць Аляксандра Васільева сябар прадпрымальніка, вядомы беларускі праваабаронца Валеры Шчукін, адзначае, што перамога сталася магчымай, бо Аляксандр Васільеў выціснуў зь сябе страх перад так званым правасудзьдзем.

“Васільеў зразумеў, што міліцыянты, якія ў сваёй большасьці закончылі мясцовы тэхнікум па падрыхтоўцы майстроў для ПТВ, юрыдычна не падкаваныя. Выконваючы прымусовыя загады свайго начальства на перасьлед актывістаў апазыцыі, сяржанты і прапаршчыкі пінскай міліцыі робяць недаравальныя памылкі ў пратаколах. Калі быць уважлівым у судзе, то можна нават без адваката разваліць іхныя абвінавачваньні”, - упэўнены Валер Шчукін.

Праваабаронца нагадвае пра суд у Пінску 1-га лютага. Судзьдзя Тацяна Сьвібовіч разглядала пратакол, які абвінавачваў Аляксандра Васільева ў брыдкаслоўі 21 студзеня, калі ў Пінску адбываўся стыхійны мітынг прадпрымальнікаў ля будынку гарвыканкаму.

У суд прыйшлі міліцыянты і засьведчылі, што нібыта Васільеў мацюкаўся на вуліцы Чыгуначнай.

Васільеў папрасіў судзьдзю ўдакладніць месца, дзе знаходзіліся тады патрульная аўтамашына і міліцыянты ў ёй. Пазыцыю адзначылі на схеме. Намалявалі таксама кропку месцазнаходжаньня падсуднага. Адлегласьць – 90 мэтраў! Суд канстатаваў: "Знаходзячыся ў аўтамашыне, нельга на такой адлегласьці пачуць, што чалавек брыдкасловіць".

10 лютага паляваньне на актывіста Васільева працягнуў маёр Аляксандр Сыраежка – начальнік тых міліцыянтаў, што прайгралі суд 1-га лютага.

– Маёр Сыраежка заломваў мне рукі на калгасным рынку. Вырываў фотаапарат, цягнуў у патрульную аўтамашыну. У гэты час мяне абаранялі гандляры і пакупнікі. Некаторыя фатаграфавалі, – удакладняе Аляксандр Васільеў.

Маёр Сыраежка ўсё-такі ўпёк Васільева ў падвал Пінскага РАУС на два выходныя дні.

Суд над Аляксандрам Васільевым адбыўся 11 лютага. З-за недахопу доказаў віны паседжаньне перанесьлі на пазьнейшы тэрмін. За гэты час на волі Аляксандар адшукаў фотаздымкі свавольства маёра Сыраежкі 10 лютага на рынку, памножыў іх і наклеіў на слупах – прасіў сьведак прыйсьці ў суд.

18 лютага ў вялікай залі пасяджэньняў Пінскага гарсуду было цесна. Больш як 50 прадпрымальнікаў прыйшлі падтрымаць свайго лідэра.

Судзьдзя Мікалай Лешчанка апытаў сьведак двух бакоў і ў выніку спыніў адміністрацыйную справу ў адносінах да прадпрымальніка на падставе таго, што "сьведчаньні міліцыянтаў зьяўляюцца супярэчлівымі. Вінаватасьць падсуднага не даказаная".

Па словах самога Аляксандра Васільева, “дзьве перамогі запар – спрыяльны прэцэдэнт. Зараз міліцыянтам ёсьць над чым задумацца. Варыянты бяздумнага абвінавачаньня ўжо не праходзяць”.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках