Моладзевыя актывісты Павал Кур’яновіч і Таццяна Цішкевіч выключаныя з ВНУ
10- 21.02.2008, 14:04
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Джынс – за Свабоду» Павал Кур’яновіч і Таццяна Цішкевіч выключаныя з сваіх навучальных устаноў пасля адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыях 10 і 16 студзеня.
Павал Кур’яновіч вучыўся на 4 курсе Менскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа на аддзяленні электронікі па спецыяльнасці "тэхнічнае абслугоўванне і эксплуатацыя электронна-вылічальных сродкаў". Пра адлічэнне яму паведамілі прарэктар па навучальна-выхаваўчай працы Парафіяновіч Тамара Антонаўна і рэктар Цыральчук Мікалай Андрэевіч. Прычына адлічэння – пропуск заняткаў з 17 студзеня па 5 лютага (у гэты час Павал знаходзіўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў за ўдзел у акцыі салідарнасці 16 студзеня).
Таццяна Цішкевіч вучылася на 2 курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры на факультэце спартовых гульняў і адзінаборстваў па спецыяльнасці "трэнер коннага спорту". Пра адлічэнне ёй паведамілі дэкан Шахлай Аляксандр Міхайлавіч, прарэктар па навучальна-выхаваўчай працы Гататуллін Аляксей Геньятавіч і рэктар Кобрынскі Міхаіл Яўхімавіч. Прычына адлічэння – адміністрацыйнае правапарушэнне, накіраванае супраць грамадскай маралі і маральнасці. Таццяна Цішкевіч была затрыманая 10 студзеня на акцыі пратэсту і асуджаная на 20 сутак арышту.