9 чэрвеня 2026, aўторак, 16:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускім Косава свае праблемы

5

Гарадок-цёзка канфліктнага цяпер Косава зазнае беспрацоўе, п'янства, пустэчу ў хатах.

Патэлефанавала карэнная касаўчанка Вікторыя Савосьціна. Паскардзілася, што страціў працу яе сын. Патлумачыла:

– Ён быў умелы цясьляр, працаваў на тутэйшай мэблевай фабрыцы. Але пазайдросьцілі людзі, навялі бяду. Так балюча мне за сваё дзіця! У яго сям'я, якую трэба карміць і апранаць...

Косава – гарадок з адным прадпрыемствам. Поўная яго назва – Косаўскае вытворчае мэблевае аб'яднаньне. Раней яно аб'ядноўвала ў сабе некалькі філіялаў. Тады ў Косаве працавала 900 чалавек, а на ўсёй вытворчасьці – 1100. Усе гарадзкія шматпавярхоўкі ўзводзіліся ў свой час як жыльлё для МВА. Гаспадарчым спосабам пабудавалі гадоў дваццаць таму фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Было памяшканьне нават для свайго музэя. Узьвялі ў свой час і чатырохпавярховую кантору, паведамляе Bulletinonline.

Цяпер гэты офіс – галаўны боль адміністрацыі. Дзе-небудзь у вялікім горадзе за арэнду такіх плошчаў можна было б разбагацець. А каму здасі кабінэты ў гарадку-карліку? І прадпрыемству, на якім цяпер засталося ўсяго 200 працаўнікоў, зусім не патрэбныя такія вялікія апартамэнты.

Цяпер Косаўскае МВА перайшло ў прыватныя рукі. 400 тысяч рублёў – найвышэйшы заробак. Для некаторых звальненьне адсюль – пачатак краху. Старшыня Косаўскага гарвыканкаму Марыя Люндышава не ўтойвае, што ў гарадку бічуюць ўжо каля адной сотні чалавек. Як хто здаравейшы і маладзейшы, то выпраўляюцца на заробкі ў Расею.

– Будучыню Косава мы зьвязваем з разьвіцьцём турызму, – кажа Марыя Люндышава, – ужо сёлета пачынаецца рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх. ЮНЭСКА нам выдзеліла 50 тысяч даляраў. Беларускі ўрад – 840 мільёнаў рублёў. Гады за тры адновім тут дах і вежы на ім.

Палац у Косава паўтара стагодзьдзя таму належаў ваяводу графу Казіміру Пуслоўскаму. Тады белая заля была для балю, у чорнай гулялі ў карты, у ружовай – гралі музыкі. Захаваліся ўспаміны пра залю са шкляной падлогай, пад якой плавалі экзатычныя рыбы...

Вікторыя Савосьціна, якой сёлета будзе 80 гадоў, сьведчыць, што палац Пуслоўскіх у 1944 годзе спалілі партызаны ды пасьля хваліліся. Тутэйшыя плакалі. Бо палілі снапамі. Ставілі на вокны. Два тыдні палілі.

Праз гадоў дзесяць, як плянуюць улады, у Косаўскім палацы бузе гатэль, рэстарацыя і сауна. А пакуль сьцены застаюцца абсыпанымі, тэрыторыя – загаджаная, воддаль – сьмецьце і выпаленыя плямы пасьля вогнішчаў.

Ёсьць ў Косаўскага гарвыканкаму намеры ўзнавіць парк, які раней займаў больш як 40 гектараў. Азеляняць тэрыторыю пачынаюць ад адбудаванай нанава радавой сядзібы нацыянальнага героя ЗША, Польшчы і Францыі Тадэвуша Касьцюшкі. На новае будаўніцтва дому амбасада ЗША ахвяравала 18 тысяч даляраў. 23 верасьня 2004 году ў гэтым будынку адкрыўся мэмарыяльны музэй. Яго дырэктарка Ірына Анціпенка скардзіцца:

– Усе ахоўнікі – п'яніцы. Сьпяць на дзяжурстве. Часта даводзіцца самой каравуліць.

Сёньня Косава – самы маленькі гарадок у Беларусі. Ён хоць і абвешчаны урадам адным з цэнтраў вясковага турызму, але трохпакаёвую кватэру тут можна набыць усяго за некалькі тысяч даляраў. Тут на сёньня больш як 40 пустых хат, а ля іх – разваленыя агароджы і закінутыя агароды.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках