У Арменіі пратэстуюць апазіцыянеры (відэа)
- 22.02.2008, 11:39
Прыхільнікі былога прэзідэнта Арменіі Лявона Цер-Петрасяна пацвердзілі свой намер не спыняць акцыю пратэсту ў цэнтры Ерэвана. Яны пачалі ўсталёўваць намёты на Плошчы свабоды, дзе праводзіўся мітынг, паведамляе ІА "Армінфо".
Удзельнікі мітынгу адмаўляюцца прызнаваць, што выбары выйграў лідэр кіроўнай Рэспубліканскай партыі, кіраўнік урада Серж Саркісян. Яны настойваюць на тым, каб афіцыйныя вынікі выбараў былі перагледжаныя. Акрамя таго, яны патрабуюць даць ім прамы эфір на Грамадскім тэлебачанні Арменіі, а таксама пакараць тых, хто адказны за парушэнні, дапушчаныя ў працэсе галасавання.
Нагадаем, што прыхільнікі Цер-Петрасяна наладзілі ў сталіцы Арменіі шматтысячны мітынг 20 лютага, на наступны дзень пасля выбараў. У акцыі пратэсту ўзялі ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, некаторыя крыніцы паведамілі пра сотні тысяч мітынгоўцаў.
Да вечара апазіцыянеры разышліся, аднак на наступны дзень сабраліся зноў. Яны абвясцілі пра пачатак бестэрміновай сядзячай акцыі пратэсту, якую плануюць працягваць датуль, пакуль улада не прызнае іх перамогу.
Мітынг 21 лютага, у адрозненне ад папярэдняга, не быў санкцыянаваны гарадскімі ўладамі. Аднак паліцыя, як паведамлялася, толькі назірала за тым, што адбываецца, і нічога не рабіла ў дачыненні апазіцыянераў.
Выступаючы на мітынгу, Лявон Цер-Петрасян заклікаў студэнтаў прагуляць заняткі ("байкатаваць") і прыйсці на мітынг. Ён прапанаваў прысутным, сярод якіх было шмат моладзі, падтрымаць яго заклік скандаваннем лозунгу "студэнцкі страйк". На гэта з натоўпу, як паведамляе ІА "Навіны-Арменія", раздаліся шматлікія ўхваляльныя воклічы.
Між іншым, Серж Саркісян, які выйграў выбары, ужо атрымаў віншаванні ад прэзідэнтаў шэрагу краін, уключна Расею, Грузію, Беларусь і Францыю. У сваю чаргу, міжнародныя назіральнікі, якія вялі маніторынг у дзень галасавання, не знайшлі сур'ёзных парушэнняў і прызналі, што ў цэлым выбары адпавядалі міжнародным стандартам.