Літва па прыбытках ад турызму абганяе Латвію і Эстонію
1- 4.02.2008, 15:22
Турыстаў ,якія наведалі летась Літву, было больш, чым у суседніх Латвіі і Эстоніі. Летась за першыя тры кварталы краіна ад турызму атрымала 698,8 млн еўра, што на 10% больш, чым у 2006 годзе.
Пра гэта сведчаць дадзеныя Банка Літвы, паведамляе Delfi.
На другім месцы па колькасці атрыманых ад турызму сродкаў – Эстонія, якая за той самы перыяд мінулага года на турызме зарабіла на 4,2% менш (чым у 2006 годзе) – 611,5 млн еўра.
Латвія па аб'ёме атрыманых ад турызму прыбыткаў на парадак адстае ад сваіх суседзяў – ад госцяў, якія прыбываюць у краіну тут збіраюць амаль удвая менш, чым у Латвіі і Эстоніі. Летась за першыя тры кварталы турыстычны сектар гэтай краіны прынёс 356,6 млн еўра, а ў 2006 годзе – 282,9 млн еўра.
Па словах дзяржаўнага сакратара міністэрства гаспадаркі Літвы Гядымінаса Мішкініса, у краіне павялічваецца колькасць міжнародных мерапрыемстваў, на якія абіраецца немалая колькасць турыстаў з розных дзяржаў, якія ў параўнанні з іншымі падарожнікамі марнуюць у пяць разоў больш грошай.
«Літву праз некалькі гадоў можна будзе назваць краінай гольфа, у раёнах таксама плануецца пашырэнне сеткі іпадромаў, прапанова SPА–паслуг», – пра планы на будучыню гаворыць Мішкініс. Паводле яго слоў, на сёння Літва ад турыстаў, якія прыбываюць ц краіну, атрымлівае больш, чым літоўскія турысты марнуюць за мяжой.
Тым часам, па словах дырэктара турагенцтва Lithuanian tours Арунаса Шаркі, якое абслугоўвае да 15 тыс. турыстаў у год, «каля 85% замежных турыстаў, якія аб'ектам свайго адпачынку выбіраюць Прыбалтыку, імкнуцца наведаць адразу тры краіны – Літву, Латвію, Эстонію».
«Некалькі гадоў таму самай папулярнай прыбалтыйскай сталіцай быў Талін, аднак апошнім часам «цэнтр цяжкасці» перамяшчаецца ў Рыгу», – лічыць Шаркі. Паводле яго слоў, у Эстоніі апошнім часам прыкметна выраслі цэны, якасць жа абслугоўвання засталася ранейшай. Недахопам Вільні з'яўляецца тое, што да яго не так лёгка дабрацца: з Таліна ў Рыгу можна дабрацца на пароме, тым часам Вільня не размешчаная ля мора.
Часцей за ўсё Літву наведваюць турысты з Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Латвіі, Беларусі.