Бяз згоды ЗША і Эўразьвязу Беларусь ня стане сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі
2- 6.02.2008, 10:25
Украіна падпісала пратакол аб далучэньні да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Подпісы пад дакумэнтам паставілі ўчора ўвечары ў штаб-кватэры СГА прэзыдэнт Віктар Юшчанка і генэральны дырэктар арганізацыі Паскаль Ламі. Украіна павінна ратыфікаваць пратакол ад уступленьні ў СГА да 4 ліпеня 2008 году. Краіна стане паўнапраўным чальцом СГА праз 30 дзён пасьля ратыфікацыі дакумэнта, паведамляе "ГАЗЕТА.ру".
Беларусь павінна далучыцца да СГА, але пакуль яна адолела палову шляху. Пра ўступленьне Ўкраіны ў СГА і пэрспэктывы далучэньня да гэтай арганізацыі Беларусі гаворыць у інтэрвію “Нашай ніве” намесьніца дырэктара дасьледчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджмэнту Ірына Тачыцкая.
Наша Ніва: Як адаб’ецца ўступленьне Ўкраіны ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю на нашых узаемадачыненьнях?
Ірына Тачыцкая: Па вялікім рахунку нічога ня зьменіцца. Тэарэтычна, калі Ўкраіна далучыцца да Працоўнай групы СГА, то яна можа высоўваць нам нейкія патрабаваньні, прэтэнзіі. Але гэта малавераемна — пакуль пра такі сцэнар нішто ня сьведчыць. Іншая рэч, калі б нашыя краіны разам уступілі ў СГА, то ў рамках арганізацыі мы маглі б карыстацца мэханізмамі урэгуляваньня канфліктаў.
НН: На якім этапе па ўступленьні ў СГА знаходзіцца Беларусь?
І.Т.: На сёньня мы атрымалі падтрымку дзесяці з дваццаці сяброў Працоўнай групы СГА. Але засталіся самыя прынцыповыя — ЗША і ЭС. Я размаўляла летась з прадстаўнікамі Працоўнай групы ад гэтых краінаў і маю ўражаньне, што пытаньне пакуль не зварухнулася зь месца. Важна тое, што бяз згоды гэтых гульцоў нам амаль немагчыма атрымаць падтрымку ўсіх астатніх.
НН: Ці высоўваюць ЗША і ЭС пэўныя палітычныя патрабаваньні да Беларусі?
І.Т.: Пра палітыку ў СГА не гавораць, бо сама арганізацыя найперш займаецца эканомікай. Гэта своеасаблівы элітны клюб краінаў, па-за якім застаецца ўсё менш краінаў, фактычна рэшта. І ўдзельнікі гэтага клюбу дбаюць пра пэўныя стандарты, якім навічкі павінныя адпавядаць.
НН: Што атрымае Беларусь ад магчымага ўступленьня ў гэты клюб?
І.Т.: Мы зможам нарэшце наладжваць узаемаадносіны з іншымі краінамі па правілах, згодна якіх даўно жыве ці не ўвесь сьвет. Нашае становішча само па сабе вымагае прысутнасьці ў СГА. Беларуская эканоміка — адкрытая, арыентаваная на экспарт-імпарт. Таму вырашаць шматлікія пытаньні ў сфэры міжнароднага гандлю было значна прасьцей у рамках арганізацыі. Вырашацца праблемы розных антыдэмпінгавых расьледваньняў, несправядлівых абмежаваньняў, напрыклад - у дачыненьні да беларускага тэкстылю. У хуткім часе да СГА далучыцца Расея, зь якой мы знаходзімся ў адной мытнай прасторы. І наша адсутнасьць у арганізацыі ізноў жа нам не на карысьць. Канечне, наш урад спадзяецца, што з моманту ўступленьня ў СГА Расея вымушаная будзе пайсьці на невялікія саступкі ў тарыфнай палітыцы, але гэта будуць сапраўды нязначныя саступкі.