9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ціхановіч аддаў бы рок-карону «Палацу»

2

Напярэдадні “Рок-каранацыі 2007” беларускія поп-выканаўцы выказалі сваё меркаванне, які з рок-гуртоў варты сёлета атрымаць найвышэйшую беларускую рок-узнагароду.

Ірына Дарафеева лічыць, што карону 29 лютага павінна атрымаць каманда, песні якой прыемна слухаць. “Мне, напрыклад, вельмі прыемна слухаць гурт “Новы Ерусалім”, J:МОРС, гурт “Крама”, - паведаміла Еўрарадыё пра свае прыхільнасці спявачка.

Называць кагосьці аднаго, вартага рок-кароны, яна не стала. Але пахвалілася, што слухае песні беларускіх рокераў на адной з радыёстанцыяў. Праўда, з 6 песень-намінантаў на “Лепшую песню года” чула толькі “Ледаколы” J:МОРС.

Іна Афанасьева паскардзілася, што не вельмі добра ведае творчасць рокавых выканаўцаў. І пашкадавала, што мінулі часы, калі рокеры і папсавікі выступалі на адной пляцоўцы. Вартымі ж рок-кароны назвала J:МОРС, “Ляпіс Трубяцкі” і “Краму”.

Называць лепшую песню 2007 года спявачка не стала. Але зазначыла, што з задавальненнем праспявала б “Усё жыцьцё - дзіўны сон” “Крамы”.

Аляксандр Ціхановіч лічыць, што рок-карону сёлета трэба аддаць “Палацу”. З песень-намінантаў чуў “Ледаколы” J:МОРС і “Край” “Нейра Дзюбеля”. Лепшую вызначаць не наважыўся.

Ларыса Грыбалёва прызналася, што вельмі любіць “Краму” і “Нейра Дзюбель”, але карону аддала б J:МОРС. “Я чула песні і “beZ bileta”, і “Крамы”, і “Нейра Дзюбеля”. Я ўсіх іх вельмі люблю, але лічу, што сёлета роўных J:МОРС не было”, - кажа Грыбалёва.

Анатоль Ярмоленка кажа, што, каб вызначыць “Рок-каралёў”, неабходна прагледзець усё, зробленае гуртамі. Але сам галасаваў бы за “Краму” і “Нейра Дзюбель”.

Разважаючы пра лепшую песню, спявак вагаўся паміж J:МОРС і N. R. M. Але ў выніку аддаў перавагу песні “Менск і Мінск” апошніх. Заспяваць жа ён гатовы песню любога гурта.

Напрыканцы размовы кожны з суразмоўцаў "Еўрарадыё" ўдакладняў дзень правядзення “Рок-каранацыі”. І кожны казаў, што з задавальненнем наведае мерапрыемства. Праўда, з агаворкаю, калі яго туды запросяць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках