Міхаіл Фінберг: «Калі хтосьці не церпіць крытыку – гэта трагедыя»
10- 11.03.2008, 10:19
У Беларусі практычна няма прафесійнай музыкі, заявіў на прэс-канферэнцыі 10 сакавіка ў Менску народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, гаворачы пра сучасную беларускую эстраду.
"Сёння кампазітарам дапамагае тэхніка, але не дапамагаюць вушы і свая галава, – адгэтуль вельмі шмат аднастайнай музыкі", – сказаў М.Фінберг.
Як старшыня журы нацыянальнага адборачнага тура "Еўрабачання–2008", Фінберг лічыць, што сёння на "Еўрабачанні" знік крытэр ацэнкі творчасці музыкаў – з гэтым звязаныя цяжкасці пры падрыхтоўцы канкурсантаў, паведамляе БелаПАН.
"Мне пашчасціла быць першым з Беларусі, хто паехаў на "Еўрабачанне", – адзначыў ён. У 1995 годзе аркестр пад кіраваннем М.Фінберга акампанаваў Філіпу Кіркораву, і "ўжо тады было складана прадказаць пераможца", бо "на "Еўрабачанні" кожны год новыя крытэры ацэнкі", сказаў музыка.
"Шчыра кажучы, я для сябе ў гэтым фэсце не бачу нічога, што мне бы падабалася, – прызнаўся М.Фінберг. – Калі музыкі выступалі ў суправаджэнні аркестра, мне гэта падабалася, калі ўвялі фанаграму – я нічога зразумець не магу".
Гаворачы пра прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанні–2008" у Бялградзе Руслана Аляхно, М.Фінберг адзначыў, што калі падводзіліся вынікі конкурсу, ён сказаў толькі адно: "У мяне ёсць шмат пажаданняў". Пры гэтым, па словах старшыні журы, ён замяніў слова "заўваг" на "пажаданняў" – "і тое, гэтая фраза не ўсім спадабалася".
"Калі ў мастацтве хтосьці не церпіць крытыку – гэта трагедыя", – дадаў ён. Акрамя гэтага, па словах маэстра, "сёння ў шматлікіх выканаўцаў з'явілася адна вельмі складаная рэч – самаўпэўненасць, а таксама творчая ўсёдазволенасць".
"На Захадзе ёсць толькі адзіны крытэр ацэнкі творчасці: артыст не атрымае высокай ацэнкі, калі ў яго творчасці няма элемента, які рухаў бы мастацтва наперад, – падкрэсліў М.Фінберг. – Відавочна, гэта правільна. Спеў высокую ноту, пераймаючы іншага, – гэта яшчэ не ўсё. Важна, каб у музыкі была індывідуальнасць".