Незалежная Беларусь — неад’емная частка Еўропы
- 12.03.2008, 8:36
Урачыстасьці ў гонар 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі пачаліся ў Эўрапарлямэнце. У праграме "Беларускага тыдня" – сустрэчы беларускіх палітыкаў з кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту, абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі. 12 сакавіка ў Страсбуры пройдзе дыскусія па тэме "Незалежная Беларусь — неад’емная частка Еўропы".
У Страсбур запрошаныя старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, былы сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, а таксама Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Мікола Статкевіч, Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, дачка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Вольга.
“Радыё Свабода” папрасіла дэпутата Эўрапарлямэнту, старшыню камісіі ЭП у справе дачыненьняў зь Беларусьсю Яцэка Пратасевіча ацаніць значнасьць гэтых падзеяў.
“Я хачу сказаць, што нам вельмі залежыць на тым, каб у 90-тыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі тут у Эўрапейскім Парлямэнце ў Страсбуры, па-першае, усьвядоміць дэпутатам, асабліва заходнім, што незалежнасьці Беларусі ня некалькі гадоў, а ўжо амаль 100. Беларусы як адзін зь першых эўрапейскіх народаў пасьля першай сусьветнай вайны абвясьцілі незалежнасьць, і традыцыя незалежнай Беларусі трывала гадамі ў форме Рады БНР на чужыне.
Па-другое, мы таксама хочам зьвярнуць увагу на сучасную сытуацыю ў Беларусі, дзе пастаянна парушаецца дэмакратыя, не шануюцца правы чалавека, а беларускія грамадзяне ня маюць магчымасьці свабодна выказваць свае пагляды і ўдзельнічаць у публічным жыцьці. І гэта галоўная мэта гэтых сьвяткаваньняў, якія прыцягнулі так шматлікіх прадстаўнікоў палітычных і іншых беларускіх асяродзьдзяў з самой Беларусі і з-за мяжы”.
Сваімі ўражаньнямі ад сустрэчаў у Страсбуры дзеліцца старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла:
“Я хацела б сказаць, да якой ступені я цешуся, што мы нарэшце маем у Эўропе і ў сьвеце такіх прыяцеляў. Каб мы мелі такіх у 1918 годзе, магчыма, наш лёс быў бы зусім інакшы. Цяпер Эўропа ведае пра нас, Эўропа клапоціцца пра нас, таксама і Амэрыка, і я веру, што ў хуткім часе мы станемся той краінай, аб якой мы ўсе марым”.
Акрамя палітычных спатканьняў удзельнікаў гэтага тыдня чакае культурніцкая праграма: фільм Юрыя Хашчавацкага і Ўладзімера Арлова пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, выстава твораў мастакоў Аляксея Марачкіна і Рыгора Сітніцы і фотамастака Ігара Крашэўскага.