9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа падтрымлівае свабоду і незалежнасць Беларусі (Фота)

5
Еўропа падтрымлівае свабоду і незалежнасць Беларусі (Фота)

Беспрэцэдэнтнай для Беларусі акцыяй назваў намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка “Беларускі тыдзень”, якія праходзіць у гэтыя дні ў Еўрапарламенце. У гонар 90-годзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Еўрапарламенце супольна з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай прадстаўлены шырокіх спектр беларускіх палітычных і грамадскіх лідэраў, вядомых мастакоў і музыкаў. Аб тым як праходзіць “Беларускі тыдзень” у Страсбурге Вінцук Вячорка расказвае прэс-цэнтру Хартыі’97.

Нагадаем, што ў Страсбург запрошаныя старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, былы спікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, сябра аргкамітэта грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, дачка палітвязня Аляксандра Казуліна Вольга, моладзевы лідэр Павал Севярынец, старшыня Камітэта дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць” Іна Кулей, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.

-- Спадар Вінцук, што ў гэтыя дні адбываецца ў Еўрапарламенце з нагоды 90-годзя БНР?

-- Ранг сустрэч засведчыла прысутнасць і выступы прэзідэнта Еўрапарламента Ганса-Гердта Пётэрынга, эўракамісаркі, адказнай за вонкавыя дачыненні, Беніты Ферэра-Вальднер.

На пасяджэнні групы Еўрапейскай народнай партыі-Еўрапейскія дэмакраты - найбуйнейшай фракцыі ў Еўрапарламенце, дэпутаты заслухалі інфармацыю пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, пра становішча з правамі чалавека і СМІ.

12 сакавіка ў Еўрапарламенце адбыўся шэраг падзеяў, сярод якой дыскуссія “Незалежная Беларусь – неад’емная частка Еўропы”. Мы размаўлялі на тэму прыналежнасці Беларусі да Еўропы і яе шанцаў паўнавартасна вярнуцца ў еўрапейскую палітычную і цывілізацыйную прастору.

Адбыліся таксама сустрэчы з кіраўніцтвам Еўрапейскай Народнай Партыі-Еўрапейскія дэмакраты і Камітэта міжнародных дачыненняў Еўрапарламента, шэраг двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі розных нацыянальных дэлегацый. Адзначу, што адбываецца ўсё гэта пад нашым нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.

-- Аб чым казаў падчас свайго выступу кіраўнік Еўрапарламента Ганс-Гердт Пётэрынг?

-- Па-першае, ён павіншаваў нас з вялікім святам – 90-годзем БНР. Выказаў падтрымку незалежнасці Беларусі, запатрабаваў безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў, зазначыў важнасць будучай выбарчай кампаніі ў Беларусі і заклікаў дэмакратычныя сілы да адзінства.

-- Вядома, што у Страсбург прыехалі беларускія мастакі, музыкі. Як прадстаўленая беларуская культура?

-- Падчас урачыстага адкрыцця “Беларускага тыдня” прайшла прэзентацыя выставы жывапісу Аляксея і Ігара Марачкіных, фотавыставы Ігара Крашэўскага і Юліі Дарашкевіч з падзеяў у Менску 2006-2007 гадоў. Адбыўся канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, які спяваў на роднай мове, выклікаючы воплескі еўрадэпутатаў розных нацыянальнасцяў.

-- Вядома, што ўпершыню ў Страсбург на святкаванне гадавіны БНР прыехала Івонка Сурвіла...

-- Так, у гэтым была наша задума. У першы раз старшыня Рады БНР брала ўдзел разам з іншымі беларусамі ва ўрачыстасцяў менавіта ў будынку Еўрапарламента. Гэтая падзея вельмі важная для нас, для беларусаў, і для Рады БНР.

-- Як Вы ацэньваеце саму падзею – адзначэнне ў Еўрапарламенце 90-годзя Беларускай Народнай Рэспублікі?

-- Гэта беспрэцэдэнтная і для Беларусі, і для Еўрапейскага парламента акцыя. Упершыню такі шырокіх спектр беларускіх палітычных лідэраў, грамадскіх лідэраў, творчых людзей, сабраліся супольна са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай у Еўрапарламенце.

Яшчэ ў студзені сёлета я напісаў адпаведныя лісты прэзідэнта Еўрапарламента Гансу-Гердту Пётэрынгу і новаабранаму старшыню дэлегацыі дзеля сувязяў з Беларуссю Яцэку Пратасевічу. Абодва паставіліся вельмі пазітыўна, да арганізацыі была падлучаная фракцыя Еўрапейскай народнай партыі, і справа пайшла наперад. Скажу таксама, што яна была падтрыманая Міжнародным рэспубліканскім інстытутам ЗША.

Гэта была наша мэта, каб Еўрапарламент, адзначыўшы 90-годзе БНР, ясна абазначыў сваю пазіцыю і сваю падтрымку беларускай незалежнасці і такім чынам ніхто не мог бы аспрэчваць наша права і надалей на незалежнасць, якая ўзнікла не 10 гадоў таму, і нават ў 1918 годзе. Але ў 1918 годзе паўстала наша дзяржаўная незалежнасць новага еўрапейскага тыпу.

Я думаю, што гэта павінна паўплываць на кансалідацыю беларускага грамадства вакол ідэалаў беларускай незалежнасці, і на пазіцыю аб’яднанай Еўропы ў справе абароны нашай незалежнасці і шанцаў аднавіць свабоду.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках