9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Том Кейсі: «ЗША працягнуць ціск з мэтай вызвалення Казуліна»

Прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Том Кейсі падчас брыфінгу 17 сакавіка заявіў, што ЗША не разлічвае, што Беларусь «разарве стасункі і закрые амбасаду ў ЗША».

«З другога боку, Беларусь, як любая іншая краіна, свабодная фармаваць свае дыпламатычныя стасункі з ЗША або з любой іншай краінай. Мы з свайго боку заявілі пра тое, што для нас важна, а таксама пра неабходнасць пакінуць у Беларусі высокі ўзровень дыппрадстаўніцтва і працягнуць ціск з мэтай вызвалення Аляксандра Казуліна, а таксама працу па іншых праваабарончых пытаннях», – заявіў прадстаўнік Дзярждэпа. Ён падкрэсліў гатоўнасць ЗША «захаваць нашу амбасаду ў беларускай сталіцы на чале з добрым амбасадарам», перадае БелаПАН.

Нагадаем, што 17 сакавіка беларускі бок зноў «настойліва» рэкамендаваў дыпламатычным прадстаўнікам ЗША скараціць колькасць супрацоўнікаў амбасады ў Менску.

7 сакавіка ўлады Беларусі рэкамендавалі амбасадару ЗША пакінуць краіну ў сувязі з санкцыямі Дзярждэпартамента ў дачыненні «Белнафтахіма». 7 сакавіка 2008 года Міністэрства фінансаў ЗША, растлумачыўшы ўведзеныя ўвосень 2007 года санкцыі супраць канцэрна «Белнафтахім», фактычна пашырыла іх ужыванне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы роўнай 50% і больш. Да публікацыі гэтага тлумачэння санкцыі закранулі толькі прадстаўніцтвы канцэрна і шэраг яго замежных дачок.

12 сакавіка Злучаныя Штаты прынялі рашэнне адклікаць амбасадарку Карэн Сцюарт для "кароткачасовых кансультацый". Беларусь таксама адклікала ў Менск амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова.

Прычына ўвядзення санкцый з боку ЗША – адмова ўлад Беларусі вызваліць палітвязняў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках