9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Дарэнка пераехаў жыць у Менск

39

Вядомы расейскі тэлежурналіст Сяргей Дарэнка абраў Менск у якасці «ціхай затокі» і купіў сабе кватэру ў Траецкім прадмесці. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв'ю «Інтэрфаксу».

Сяргей Леанідавіч, ці сапраўды вы купілі кватэру ў Менску?

– Так, я купіў кватэру ў Траецкім прадмесці. Чаму там? Таму што ў вокны бачыш Свіслач, бачыш лужок наперадзе. Гэтае правільнае месца, каб прыехаць, купіць пабольш сальцісона і крывяной каўбасы, нарэзаць гэта, сесці ля ваконца і глядзець на Свіслач. І пісаць што-небудзь на будучыню.

Вы часта бываеце ў Менску?

– З кастрычніка ўжо быў тры разы. Мне падабаецца тут. Мне трэба месца, каб адасобіцца і пісаць.

А вам Менск падабаецца?

– Вельмі люблю Менск, вельмі. Я люблю Менск за людзей. Яны еўрапейцы ў адрозненне ад нас.

Нядаўна, на пачатку студзеня, я заблукаў у Менску. Я шукаў адзін банк і некалькі разоў праехаў паблізу маніфестацый бізнэсмэнаў, якія чагосьці патрабавалі ад улад. Мы з жонкай не адразу зразумелі, што гэта маніфестацыя пратэсту. Мы некалькі разоў паблізу яе праехалі, і жонка спытала: "Што гэта?". Я сказаў: "Не ведаю, мне падаецца, нейкія афіцыйныя прафсаюзы выступаюць".

Калі б гэта было ў Маскве — былі бы металашукальнікі, увесь горад быў бы забіты грузавікамі з АМАПам, амапаўцы былі б абсалютна зверскага выгляду. І усіх бы прапускалі праз штакетнік. Нават у гэтым людзі адрозніваюцца.

Яшчэ кіроўцы прапускаюць пешаходаў на зебры… Тут няма нейкай адчайнай жорсткасці і бою да апошняй крыві. Па адчуванні горада няма страсці знішчэння, якую я назіраю ў Маскве.

А вашай жонцы падабаецца Менск?

– Мая жонка любіць Менск. У мяне ёсць нейкая сямейная гісторыя. Адзін з родаў, які прывёў да майго з'яўлення, належыў да казачых старшынаў Запарожскага войска. У іх была невялікая сяліба паўночней за Запарожжа. Іх прозвішча было Зубец. І яны ўвесь час успаміналі, што яны "паляшукі" – родам з Палесся.

Вы ў сваё час вельмі крытыкавалі Лукашэнка. У вас змянілася да яго стаўленне?

– Адзіныя людзі, да каго мы павінны выказваць лаяльнасць – гэта народ. Я не магу выказваць лаяльнасць да палітыкаў. Аляксандр Рыгоравіч – палітык. Я яго тыя ці іншыя меры падтрымліваю або катэгарычна крытыкую. Але я не магу падтрымліваць чалавека, гэта абсалютна амаральна падтрымліваць чалавека ў палітыцы. У палітыцы трэба падтрымліваць народ. Я не з тымі, хто разам з Лукашэнкам, і не з тымі, хто супраць Лукашэнкі.

Калі я яго крытыкаваў, я заўсёды гаварыў з пункту гледжання Расеі. Расея зацікаўленая ў захопе "Панамскага калідора" праз тэрыторыю Беларусі. Нам трэба шаша, нафтаправод і ўсё. Астатняе – трава не расці. Гэта, аб'ектыўна, наша цікавасць, расейская імперская цікавасць.

А Лукашэнка мяркуе інакш. Таму што ў яго іншыя інтарэсы. Гэта не крытыка, проста ў нас розныя інтарэсы.

Вам не прапаноўвалі працаваць у Беларусі?

– Не, ніколі.

А калі б прапанавалі?

– Ух… Я чалавек спантанны… Для мяне Беларусь – “укрывішча”. Гэта тэрмін Салжаніцына.

Я ўвогуле спачатку паехаў на Браслаўскія азёры. Але зразумеў, што мне бліжэй Менск, таму што ў Менску я атрымліваю незвычайную цішыню пасля Масквы, крывяную каўбасу з "Радзівілаўскага", вельмі прыемных ціхіх людзей, славянскую Шамбалу, прарадзіму крывічаў, якая і мая прарадзіма. Гэта страшна грэе душу.

А як вы праводзіце свой час у Менску?

– Я раблю эпічныя набегі на "Радзівілаўскі". Потым аддаюся геданізму, эпікурэйству, гледзячы на Свіслач.

Калі вы зноў будзеце ў нас?

– Я планаваў 21-га прыехаць у Менск, але нешта схамянулася, і мы паедзем купацца ў Афрыку.

У вас яшчэ дзе-небудзь ёсць нерухомасць?

– Гэта мая адзіная нерухомасць за мяжой. Увогуле, гэта мая адзіная кватэра. У Маскве кватэра належыць жонцы.

У мяне няма ўвогуле ніякай кватэры акрамя Менска. Калі мяне адусюль вытурнуць, я прыеду сюды і буду сядзець, і глядзець на Свіслач.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках