9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галадоўка за вызваленне Казуліна можа стаць масавай

6

18 сакавіка дачка палітвязня Вольга Казуліна, намеснік старшыні БСДП Ігар Рынкевіч, лідэр сацыял-дэмакратычнай моладзі Алесь Стральцоў і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч звярнуліся да беларускай і міжнароднай грамадскасці з заклікам пачаць з 20 сакавіка «эстафетную галадоўку за вызваленне Аляксандра Казуліна і спыненне крымінальнага пераследу дэмакратычных актывістаў у Беларусі».

Як заявіў экс-адвакат А.Казуліна Ігар Рынкевіч, яго паплечнікі патрабуюць «не толькі неадкладнага вызвалення пазапраўна асуджанага Аляксандра Казуліна, але і спынення крымінальнага пераследу Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча і дванаццаці моладзевых актывістаў, абвінавачваных за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня».

Вольга Казуліна падзякавала тым, хто ўжо трымае галадоўку, і зазначыла: «Шмат хто, як Таццяна Ваніна, цалкам справядліва лічаць, што мой бацька быў схоплены і асуджаны, калі ішоў да сцен ізалятара на Акрэсціна падтрымаць абаронцаў намётавага мястэчка. Таму мы разам з Т.Ванінай заклікаем неабыякавых грамадзян уключыцца ў эстафетную галадоўку салідарнасці, падтрымаўшы нас столькі часу, колькі яны змогуць».

Алесь Стральцоў нагадаў, што такая эстафетная галадоўка прайшла ў канцы 2006 года. Тады Аляксандр Казулін галадаў "у знак пратэсту супраць наяўнага ў краіне беззаконня і з мэтай прыцягнуць увагу беларускай і сусветнай грамадскасці да прапаноў па выхадзе з канстытуцыйнага крызісу". І больш як пяцьсот грамадзян у Беларусі і за мяжой падтрымалі палітвязня, што дазволіла прафесару Казуліну дасягнуць выканання шэрагу палітычных патрабаванняў і спыніць галадоўку.

Адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч, нядаўна вызвалены ўладамі з калоніі, пачынае сваю галадоўку 20 сакавіка. Увечары гэтага дня ён, як і Таццяна Ваніна, уключаецца ў эстафету салідарнасці, патрабуючы спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

Як падкрэсліў І.Рынкевіч, «палітычная галадоўка ў наяўных умовах – не ёсць праява слабасці, а наадварот, адна з крайніх мер, што сведчыць пра нашу сілу духу. У той самы час мы дэманструем, што ў Беларусі не дзейнічаюць прававыя аргументы для спынення пераследу ўладамі палітычных апанентаў, толькі ўсеагульная салідарнасць з беларускімі палітвязнямі дазволіць іх вызваліць».

10 сакавіка Сяргей і Аляксандр Скрабцы, пачалі бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем вызвалення Аляксандра Казуліна, пазней да іх далучыліся грамадскі актывіст Сяргей Галаганюк і былы начальнік следчага ізалятара ГУУС Менгарвыканкама Алег Алкаеў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках