9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зельцара маглі затрымаць на просьбу расейскіх спецслужб

1

Эмануіл Зельцар, грамадзянін ЗША расейскага паходжання, які ў 90-я гады ў разгар скандалу з адмываннем грошай праз Bank of New York накіраваў гэтаму банку судовы пазоў, быў на мінулым тыдні затрыманы ў Менску, распавёў часопісу «Forbes» брат Зельцара.

Зельцара ўзялі пад варту, калі ён выходзіў з самалёта, які здзейсніў пасадку ў Беларусі. Прычыны яго арышту дагэтуль невядомыя, а навіны пра падзеі, якія адбыліся 12 сакавіка ў сталіцы гэтай аўтарытарнай дзяржавы, толькі цяпер пачалі прасочвацца за межы краіны.

У Дзярждэпе ЗША на падставе закона, які забараняе выдаваць інфармацыю аб без весткі зніклым чалавеку без яго пісьмовай згоды, адмовіліся пацвердзіць або абвергнуць факт затрымання Зельцара.

Зельцар, чалавек прамалінейны і схільны да палемікі, з'яўляецца экспертам па барацьбе з адмываннем грошай і арганізаванай злачыннасцю. У 1999 годзе ён паведаміў Камітэту палаты прадстаўнікоў па банкаўскія і фінансавыя паслугі пра схему адмывання грошай праз Bank of New York (цяпер ён называецца Bank of New York Mellon). Суму сродкаў, якія прайшлі праз яе, Зельцар ацаніў у 10 млрд даляраў. Акрамя таго, ён падаў супраць гэтага банка пазоў на 2 млрд даляраў ад асобы ўкладчыкаў, якія страцілі грошы ў адным з яго філіялаў.

Ходзяць чуткі, што загад аб затрыманні Зельцара зыходзіў ад беларускіх або ад расейскіх спецслужб, магчыма – у сувязі з справай Bank of New York. "КДБ дзейнічае не толькі ў адной краіне", – зазначыў брат Зельцара Марк.

У канцы 90-х адвакат Эмануіл Зельцар таксама прадстаўляў інтарэсы былога крамлёўскага службоўца Паўла Барадзіна, якому швейцарскі суд прад'явіў абвінавачванне ў адмыванні грошай.

Аднак, як паведаміў Марк Зельцар, у Дзярждэпе яму сказалі, што прызначаная на аўторак сустрэча яго брата з супрацоўнікамі амерыканскага консульства ў Менску была адкладзеная. Ён таксама распавёў, што Эмануіл Зельцар пакутуе на хранічныя захворванні, і што ён звярнуўся ў беларускую амбасаду ў Вашынгтоне з просьбай даць яго брату медыкаменты. Акрамя таго, Марк Зельцар падаў дакументы на кароткатэрміновую візу для паездкі ў Беларусь, але адказу пакуль не атрымаў.

Эмануіл Зельцар вылецеў у Менск з Лондана, магчыма, для таго, каб сустрэцца з адным з сваіх расейскіх кліентаў, у якога ў Менску бізнэс. "Я упэўнены, што гэта была не экскурсійная паездка", – сказаў Марк Зельцар. Разам з арыштаваным амерыканцам падарожнічала яго сакратарка – Уладлена Функ, якую таксама затрымалі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках