9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасада ЗША прыпыніла выдачу віз

53
Амбасада ЗША прыпыніла выдачу віз

Разгляд заяў на атрыманне амерыканскай візы ў Беларусі часова прыпынены, асобныя прызначаныя візавыя гутаркі былі адкладзеныя.

Урад Злучаных Штатаў разглядае рэкамендацыю МЗС Беларусі ад 17 сакавіка аб скарачэнні штата амбасады ЗША ў Менску, паведамляе сайт дыпмісіі, і «цяпер нашы рэсурсы накіраваныя на іншыя прыярытэты».

Далейшая інфармацыя будзе прадстаўленая, калі будуць вызначаныя магчымасць і аб'ёмы падавання візавых паслуг амбасадай ЗША.

Паслугі грамадзянам ЗША робяцца ў звычайным рэжыме.

17 сакавіка беларускі бок настойліва рэкамендаваў амбасадзе ЗША ў Беларусі скараціць колькасць працаўнікоў дыппрадстаўніцтва.

Амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт напярэдадні заявіла, што амерыканскі бок спрабуе высветліць, чым выкліканая рэкамендацыя афіцыйнага Менска. «Мабыць, яны хочуць, каб наша амбасада мела роўна столькі ж супрацоўнікаў, колькі беларуская амбасада ў ЗША. Але мы не лічым, што Венская канвенцыя аб дыпламатычных стасунках патрабуе такой роўнасці. Так што мы працягваем абмяркоўваць іх просьбу», – сказала дыпламатка.

7 сакавіка ўлады Беларусі рэкамендавалі амбасадару ЗША пакінуць краіну ў сувязі з санкцыямі Дзярждэпартамента ў дачыненні «Белнафтахіма». 7 сакавіка 2008 года Міністэрства фінансаў ЗША, растлумачыўшы ўведзеныя ўвосень 2007 года санкцыі супраць канцэрна «Белнафтахім», фактычна пашырыла іх ужыванне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы ў 50% і больш. Да публікацыі гэтага тлумачэння санкцыі закранулі толькі прадстаўніцтвы канцэрна і шэраг яго замежных дачок.

12 сакавіка Злучаныя Штаты прынялі рашэнне адклікаць амбасадарку Карэн Сцюарт для "кароткачасовых кансультацый". Беларусь таксама адклікала ў Менск амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова для кансультацый.

Прычына ўвядзення санкцый з боку ЗША – адмова ўлад Беларусі вызваліць палітвязняў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.

Белы дом назваў рашэнне ўлад Беларусі выправадзіць амбасадара ЗША ў Беларусі неабгрунтаваным і заявіў, што гэта можа прывесці да далейшай ізаляцыі краіны ў свеце. У заяве адзначалася, што дзеянні Менска "яшчэ больш дыстанцуюць Беларусь ад Еўропы і астатняга свету".

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках