«Зброевага барона» Віктара Бута абвінавачваюць у тэрарызме
6- 20.03.2008, 11:48
Улады Тайланда затрымалі Віктара Бута па артыкуле "тэрарызм", аднак змястоўнага абвінавачвання пакуль не прад'яўлена. Пра гэта ў чацвер паведаміў яго адвакат Ян Дасгупт.
Віктар Бут быў затрыманы ў Тайландзе 6 сакавіка паводле ордэра, выдадзенага тайландскім судом па запыце ЗША. Як раней паведамлялася, яго падазраюць у парушэнні эмбарга ААН на пастаўку зброі ў зоны рэгіянальных канфліктаў у Афрыцы. Улады Злучаных Штатаў завочна прад'явілі яму абвінавачвання ў злачыннай змове з мэтай пастаўкі пераносных ракетна-зенітных комплексаў баявікам Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі.
Бут змешчаны ў адну з самых ахоўных турмаў Тайланда і за ім усталяванае кругласутачнае назіранне, перадае NEWSru.com.
Паводле мясцовага заканадаўства, Віктар Бут можа ўтрымлівацца ў турме да 84 дзён без прад'яўлення афіцыйных абвінавачванняў. У выпадку прызнання яго вінаватым, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення свабоды. Раней суд Тайланда адмовіўся выпусціць расейца з турмы пад заклад у 500 тысяч бат (15,5 тысяч даляраў). Бут не прызнае сябе вінаватым і лічыць сваё затрыманне пазапраўным.
Гаворачы пра ўмовы ўтрымання ў турме, адвакат паведаміў, што, на жаль, яго кліент не мае магчымасці чытаць газеты на ангельскай мове, акрамя таго, "ёсць праблемы з напісаннем лістоў на расейскай".
"Усё астатняе звязанае з асаблівасцямі ўтрымання падазраваных у Тайландзе: людзі спяць на поле, даволі мала асабістай прасторы, але ў той самы час, ёсць магчымасць перадаваць Буту прадукты харчавання, сродкі гігіены і інш." – адзначыў Дасгупта.
"У цэлым, я лічу, здароўю кліента на дадзеным этапе ў сувязі з утрыманнем яго ў турме нішто не пагражае", – сказаў адвакат.
Адміністрацыя ЗША ў 2006 годзе ўвяла санкцыі супраць Бута, якога Вашынгтон называе адным з найбуйнейшых гандляроў зброяй. ЗША ў 2005 годзе замарозілі актывы і перадалі ў камітэт ААН па санкцыях інфармацыю пра 30 фірм, звязаных з бізнэсмэнам. Мінфін ЗША заявіў, што Бут валодае сеткай авіятранспартных прадпрыемстваў, якія базуюцца ў розных краінах на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Усходняй Еўропе і ЗША. Вашынгтон мяркуе, што зброя, прададзеная Бутам або пры яго пасрэдніцтве, была чыннікам распальвання канфліктаў і дапамагала рэжымам, супраць якіх былі ўведзеныя санкцыі ААН, у прыватнасці, у Аўганістане, Анголе, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Ліберыі, Руандзе і Судане.
Нагадаем, што Віктар Бут доўгі час служыў афіцэрам у Беларусі.