Анатоль Лябедзька: «25 сакавіка ў 18 гадзін мы будзем на плошчы Якуба Коласа»
1- 20.03.2008, 18:00
Гарадзкія ўлады сёньня далі дазвол на правядзеньне маніфэстацыі ў Дзень Волі па маршруце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Заяўнікі выказалі нязгоду з гэтым рашэньнем і склалі зь сябе адказнасьць за ягоныя наступствы. “Мы не падпісваліся пад такім маршрутам, таму ад сёньня мы не зьяўляемся заяўнікамі. Але разам з тым мы сьведчым, што ў 18 гадзін 25 сакавіка як грамадзяне Беларусі мы будзем на плошчы Якуба Коласа”, -- заявіў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
У Менскім гарвыканкаме заяўнікаў сьвяткаваньня 25 сакавіка Лявона Баршчэўскага, Анатоля Лябедзьку, Мікалая Статкевіча і Анатоля Ляўковіча сустрэлі кіраўнік ідэалягічнай управы Генадзь Курбека, намесьнікі пракурора Менску і начальніка гарадзкой міліцыі.
Паводле спадара Лябедзькі, заяўнікі былі гатовыя абмеркаваць кампрамісныя варыянты маршрутаў маніфэстацыі, выказваліся наконт гістарычнай важнасьці БНР, асаблівасьцяў цяперашняй палітычнай сытуацыі. Але іх аргумэнты не падзейнічалі на ўладны бок — было агучанае традыцыйнае ў такіх выпадках рашэньне: дазволіць збор дэманстрантаў ля Акадэміі Навук, шэсьце да плошчы Бангалор і мітынг у парку Дружбы народаў.