У Аўстрыі назвалі выказваньні Лукашэнкі «поўным абсурдам»
14- 21.03.2008, 12:37
“Поўным абсурдам” назваў выказваньні Лукашэнкі пра дэмакратыю ў Беларусі і Аўстрыі Гайнц Патцэльт, генэральны сакратар Аўстрыйскай філіі Amnesty International.
Нагадаем, што ўчора ў часе размовы з журналістамі аўстрыйскага агенцтва АРА беларускі кіраўнік сказаў наступнае: “Дэмакратыя ў Беларусі такая ж, як і ў Аўстрыі, адно да аднаго, дэмакратычныя каштоўнасьці знаходзяцца ў нас на такім жа ўзроўні”.
Лукашэнка таксама назваў “абсалютна непрымальным, калі сёньня ЭЗ пачынае скакаць пад дудку ЗША”. “Нам не падабаецца, калі яны (эўрапейскія палітыкі. — РС) пазыцыянуюць сябе як самастойныя, незалежныя палітыкі, а калі справа даходзіць да сур’ёзных пытаньняў, адразу апынаюцца ў кільватэры амэрыканскай палітыкі”, — заявіў аўстрыйскім журналістам беларускі лідэр.
У размове са “Свабодай” Гайнц Патцэльт пракамэнтаваў некаторыя пасажы ўчорашняга інтэрвію Лукашэнкі. Сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі вядомы аўстрыйскі праваабаронца назваў надзвычай сумнеўнай і небясьпечнай. Паводле праваабаронцы, Лукашэнка кіруе Беларусьсю, выкарыстоўваючы мэтады брэжнеўскай эры. Беларусь адзіная з эўрапейскіх краінаў ужывае сьмяротнае пакараньне, тут жорстка перасьледуюцца апанэнты рэжыму.