Ці абвесціць Лукашэнка НЭП?
29- 21.03.2008, 13:42
Спроба беларускай мадэлі сысці ад унутранай шокавай тэрапіі наткнулася на знешні "энергетычны шок".
Апошнім часам мы ўсё радзей чуем гутаркі пра ўнікальнасць беларускай эканамічнай мадэлі. Шматлікія "круглыя сталы" з удзелам экспертаў і нават нарады службоўцаў, па сутнасці, падвялі рысу пад тэмай унікальнасці: ні ў каго сёння не выклікае сумневу той факт, што ў яе аснове ляжалі энергетычныя датацыі з боку Расеі, піша газета «Белорусы и рынок».
Спроба беларускай мадэлі сысці ад унутранай шокавай тэрапіі наткнулася на знешні "энергетычны шок". І павяла сябе наша мадэль у гэтай сітуацыі зусім не ўнікальна, адгукнуўшыся на рынкавы "падарунак" адмовай ад часткі сацыяльных субсідый насельніцтву, продажам дзяржуласнасці, прыцягненнем знешніх пазык. З той толькі розніцай, што ў 90-я гады краіны з пераходнай эканомікай бралі крэдыты ў МВФ, а мы цяпер бярэм дзяржкрэдыты ў Расеі, Кітая, гатовыя ўзяць у Венесуэлы.
Паралельна на самых розных узроўнях – дырэктарскім, службоўскім, прадстаўнікоў бізнэсу – раздаюцца галасы аб неабходнасці ажыццяўлення далейшых рынкавых крокаў (зноў-такі агульнавядомых і заканамерных у пераходны перыяд): прыцягненне прамых (не крэдытных) замежных інвестыцый, падаванне кіраўнікам свабоды выбару коштаўтварэння, пастаўшчыкоў абсталявання, матэрыяльнага стымулявання працаўнікоў і інш.
Але ўсё гэта пакуль знаходзіцца на ўзроўні дыскусіі або ўвасабляецца ў жыццё ў выглядзе асобных тактычных крокаў улады накшталт кулуарных сустрэч з "кропкавымі" інвестарамі або адмены штучна створаных бар'ераў накшталт "залатой акцыі". Зрэшты, і сёння няма ніякіх гарантый таго, што ўрэшце гэты інстытут не вернецца ў наша жыццё з прыняццем чарговага ўказу.
Відавочна, што пры абмеркаванні далейшага эканамічнага шляху развіцця бракуе галоўнага: павінны быць вымаўленыя нейкія важныя словы на самім вышэйшым узроўні, павінна быць агучаная калі не разгорнутая праграма, то хаця б канцэптуальныя становішчы таго, куды мы цяпер рухаемся і якія спосабы дасягнення пастаўленых мэт дзяржава лічыць для сябе прымальнымі.
Як правіла, у красавіку–траўні Лукашэнка выступае з штогадовым пасланнем да народа і «нацыянальнага сходу». Ці пачуем мы ад Лукашэнкі хоць нешта пэўнае з нагоды новай эканамічнай палітыкі або чарговым разам усё абмяжуецца вокрыкамі ў адрас дырэктараў прадпрыемстваў і заклікамі выконваць планы пяцігодкі?