9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктоўка да Дня Волі атрымала шырокі рэзананс

Акцыя па правядзенні I агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, прысвечаная 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Незалежнай Рэспублікі, атрымала шырокі рэзанас па ўсёй краіне.

Пра гэта, як паведамляе БелаПАН, заявіў ініцыятар акцыі кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол 23 сакавіка ў мінскім офісе Партыі БНФ, дзе праходзіла чарговая дыктоўка.

Паводле слоў У.Падгола, дыктоўку ўжо напісалі паслы шэрагу еўрапейскіх дзяржаў і Ізраіля, журналісты недзяржаўных СМІ, жыхары Гродна, Ліды (Гродзенская вобласць) і Вілейкі (Мінская вобласть), студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Вільнюсе. «Разам з імі ў акцыі ўдзельнічаў беларус, дэпутат літоўскага парламента Вацлаў Станкевіч і Сяржук Вітушка — заснавальнік арганізацыі беларускага нацыянальнага Адраджэння «Талака», створанай на пачатку 1980-х гадоў. Гэты сляпы чалавек набіраў тэкст дыктоўкі на камп'ютэры лацініцай», — сказаў У.Падгол.

23 сакавіка ўдзельнікамі акцыі ў офісе Партыі БНФ былі палітычныя і грамадскія дзеячы, пісьменнікі, журналісты, ветэраны нацыянальнага Адраджэння і іх маладыя паслядоўнікі, якія праслухалі гімн агульнанацыянальнай дыктоўкі — песню Сяржука Сокалава-Воюша «Маналог Багушэвіча». Напісаная ў сярэдзіне 1980-х гадоў, яна выконвалася на падпольных сходах заснавальнікаў і першых удзельнікаў арганізацый беларускага нацыянальнага Адраджэння, сярод якіх былі Сяржук Вітушка, Віктар Івашкевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш, Сяргей Дубавец, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, Генадзь Сагановіч, Генік Лойка, Алесь Суша, Алена Радкевіч.

Як зазначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, гэтыя і іншыя людзі змагаліся за незалежнасць Беларусі, думаючы, што гэта адбудзецца не раней чым праз 30 гадоў. «Аднак жыццё паказала, што ўсё адбываецца значна хутчэй, калі мы справай набліжаем сваю мару, а не толькі чакаем яе здзяйснення. Я думаю, што ідэалы БНР і незалежнасці Беларусі ажыццявяцца значна раней, чым мы мяркуем», — сказаў Івашкевіч.

Літаратар і кіраўнік сталічнага выдавецтва «Радыёла-плюс» Уладзімір Сіўчыкаў перамог у конкурсе на найлепшы тэкст дыктоўкі, зацверджанай аргкамітэтам акцыі. Ён і атрымаў права зачытаць гэты тэкст — прадмову да зборніка класіка нацыянальнай літаратуры Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская».

Пасля завяршэння дыктоўкі, што праводзілася ў офісе Партыі БНФ, многія яе ўдзельнікі пакінулі сабе тэкст на памяць. Тыя, хто здаў тэкст у аргкамітэт на праверку, атрымаюць узнагароды, у тым ліку кнігі выдавецтва «Радыёла-плюс».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках