Інфармацыя пра смерць салдата – ваенная тайна?
3- 24.03.2008, 15:13
У частцы чыгуначных войскаў, якая базуецца ў Жодзіна, падчас рамонту бульдозера загінуў радавой тэрміновай службы.
Салдата папросту прыціснула. Падрабязнасці трагедыі не выдаюцца, вайскоўцы спасылаюцца на тое, што камісіяй Міністэрства абароны і Ваеннай пракуратурай вядзецца следства. Аднак пры гэтым агучаная меркаваная прычына смерці юнака – ён нібыта не выконваў правілы тэхнікі бяспекі, піша Bulletinonline
Для грамадскасці застаецца невядомым, ці прысутнічаў хто-небудзь з афіцэраў і тэхнічных спецыялістаў на месцы здарэння, ці інструктавалі загінуўшага да пачатку прац, наколькі прафесійна падрыхтаваным ён быў. На ўсе гэтыя пытанні ў вайскоўцаў пакуль адзін адказ:
– Усё будзе паведамленае пасля заканчэння расследавання.
Факт смерці салдата трымаўся ў сакрэце ад СМІ амаль тыдзень – трагедыя адбылася яшчэ ў панядзелак, 17 сакавіка, а першыя звесткі пра здарэнне датуюцца толькі чацвяргом, 20 сакавіка. Гэта прымушае сумнявацца ў тым, што вынікі працы камісіі і пракуратуры будуць апублікаваныя адразу пасля заканчэння следства.