З Беларусі «для парытэта» высылаюць дыпламатаў ЗША
- 24.03.2008, 16:04
Шэраг дыпламатаў ЗША на патрабаванне беларускага боку пакідае Беларусь, паведамілі "Інтэрфаксу" ў міністэрстве замежных спраў Беларусі.
"Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, які сёння быў выкліканы ў беларускі МЗС, паведаміў пра тое, што згодна з патрабаваннем беларускага боку аб выраўноўванні на парытэтнай аснове колькасці дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі і ЗША на тэрыторыі адзін аднаго адпаведная колькасць амерыканскіх дыпламатаў пакідае Беларусь", – паведамілі ў МЗС.
Нагадаем, што 7 сакавіка ўлады Беларусі рэкамендавалі амбасадару ЗША пакінуць краіну ў сувязі з санкцыямі Дзярждэпартамента ў дачыненні «Белнафтахіма». Міністэрства фінансаў ЗША, растлумачыўшы ўведзеныя ўвосень 2007 года санкцыі супраць канцэрна «Белнафтахім», фактычна пашырыла іх ужыванне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы 50% і больш. Да публікацыі гэтага тлумачэння санкцыі закранулі толькі прадстаўніцтвы канцэрна і шэраг яго замежных дачок.
12 сакавіка Злучаныя Штаты прынялі рашэнне адклікаць амбасадарку Карэн Сцюарт для "кароткачасовых кансультацый". Беларусь таксама адклікала ў Менск амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова для кансультацый.
Прычына ўвядзення санкцый з боку ЗША – адмова ўлад Беларусі вызваліць палітвязняў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.
Белы дом назваў рашэнне ўлад Беларусі выправадзіць амбасадара ЗША ў Беларусі неабгрунтаваным і заявіў, што гэта можа прывесці да далейшай ізаляцыі краіны ў свеце. У заяве казалася, што дзеянні Менска "яшчэ больш дыстанцуюць Беларусь ад Еўропы і астатняга свету".