Віктар Івашкевіч: «Волю людзей прыдушыць немагчыма»
2- 25.03.2008, 21:07
Намеснік старшыні Партыі БНФ лічыць, што пасля сённяшняга разгону дэмастрантаў у цэнтры Менска аб’яднаная апазіцыя мусіць ставіць пытанне перад Еўразьвязам пра далучэнне ЕЗ да эканамічных санкцый ЗША.
“Людзі хацелі сабрацца разам, каб адсвяткаваць вялікую падзею – 90-ыя ўгодкі ад дня утварэння БНР, мірна прайсціся па горадзе, ускласці кветкі да помнікаў, а супраць іх выставілі сотні амапаўцаў, якія неабгрунтавана жорстка, з нейкай ненавісцю збівалі безаабронных грамадзян”, - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 Віктар Івашкевіч, камэнтуючы дзеянні ўладаў у адносінах мірных дэманстрантаў на Дзень Волі.
“Я зусім не разумею логіку ўладаў. Яшчэ колькі дзён таму Лукашэнка казаў, што ў Беларусі дэмакратыя, як у Аўстрыі, але зараз Еўропа можа пабачыць “дэмакратыю” па-беларускі. Бо якраз апошнім часам, пасля вызвалення большасці палітвязняў у Еўропе ўжо пачалі з’яўляцца палітыкі, якія казалі пра магчымасць пачатку дыялогу з Лукашэнкам. Але сённяшнія дзеянні рэжыму засведчылі, што, наадварот, Еўропа мусіць далучыцца да санкцыяў ЗША”, - мяркуе адзін з лідэраў Партыі БНФ.
Сённяшнія падзеі ў цэнтры Менска палітык параўнаў з акцыяй на Дзяды ў 1988 годзе, калі ўпершыню ў Менску адбыўся шматтысячны мітынг ля Маскоўскіх могілак і дзе ўлады таксама ўпершыню ўжылі слезацёчны газ і спецтэхніку.
“Тады ў былым СССР яшчэ ў 86-ом было абвешчана пра галоснасць і перастойку, але праз два гады “галоснасці” супраць мірных дэманстрантаў быў ужыты слезацёчны газ. Я лічу, што якраз такія брутальныя дзеянні ўладаў падштурхнулі грамадства да пераменаў. Волю людзей прыдушыць немагчыма. Сённяшні Дзень Волі – гэта пачатак канца рэжыму Лукашэнкі. Калі Бог хоча пакараць, ён адбірае розум. Сённяшнія падзеі засведчылі, што Бог пакараў гэтую ўладу”, - падсумаваў Віктар Івашкевіч.