19 красавiка 2024, Пятніца, 17:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракурор не разглядаў пытанне аб вызваленні Андрэя Кіма

Заява групы берасцейскіх актывістаў дэмакратычных сілаў генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу з патрабаваннем вызваліць Андрэя Кіма накіраваная для разгляду ў пракуратуру Берасцейскай вобласці.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, пра гэта яму стала вядома 3 сакавіка з тэлефоннай гутаркі з супрацоўнікам пракуратуры Беларусі. Гэта ж пацвердзілі сёння ў пракуратуры Берасцейскай вобласці.

«Ствараецца ўражанне, што нашу заяву, якую акрамя мяне падпісалі актывісты дэмакратычных сілаў Берасця Жана Абрамава, Юры Бакур, Віталь Сымонік і Андрэй Шарэнда, у рэспубліканскай пракуратуры не чыталі, — адзначыў праваабаронца. — Па-першае, мы патрабуем спыніць распаўсюджаную на тэрыторыі ўсёй Беларусі практыку, калі чалавека на падставе пастановы следчага або дазнаўцы падвяргаюць арышту, санкцыянаванаму пракурорам.

Згодна з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў сферы правоў чалавека рашэнне пра арышт грамадзяніна павінен прымаць суддзя. Па-другое, мы патрабуем вызваліць А.Кіма. Згодна з наяўнай у нас інфармацыі, з 31 студзеня па 25 лютага актывіст апазіцыі не быў дастаўлены да суддзі для разгляду пытання аб яго ўтрыманні пад вартай, што прадугледжанае пунктам 3 артыкула 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. На гэтай падставе мы лічым: утрыманне пад арыштам А.Кіма звыш як 48 гадзін з'яўляецца парушэннем права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, і патрабуем яго вызваліць».

На думку праваабаронцы, рашэнне першай праблемы знаходзіцца ў кампетэнцыі генеральнага пракурора Г.Васілевіча, другой – пракуратуры Менска, бо актывіст апазіцыі быў затрыманы ў сталіцы, дзе і ўтрымліваецца ў СІЗА.

Нагадаем, А.Кім быў затрыманы 21 студзеня за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску. 31 студзеня ён павінен быў выйсці на свабоду пасля 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту, але не быў вызвалены. У дачыненні А.Кіма 24 студзеня была ўзбуджаная справа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка міліцыі). 31 студзеня актывіста апазіцыі адвезлі на допыт у пракуратуру Цэнтральнага раёна Менска, а пасля арыштавалі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках