9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вы - нас, а мы - «вашых»

4

Напярэдадні 25 сакавіка нішто не паказвала на тое, што ўлады будуць ужываць жорсткія захады. Больш за тое — «круглы стол» у «Советской Белоруссии», прысьвечаны БНР, калі й не настройваў на мажорны лад, дык, прынамсі, бачыўся нейкім знакам працягу той «лібэралізацыі рэжыму», які пад ціскам заходніх структур быў змушаны вызваліць палітзьняволеных.

Насуперак чаканьням усё выявілалася зусім ня так. Зьбітыя і арыштаваныя ўдзельнікі сьвяточнай маніфэстацыі, затрыманыя і зьбітыя журналісты, што мусілі асьвятляць акцыю (калегі з дзяржаўных мэдыяў чамусьці ня выказалі салідарнасьці зь імі). Ператрусы ў кватэрах незалежных журналістаў па ўсёй краіне. Допыты ў КДБ. Нарэшце, спроба правесьці ператрус у памяшканьні, дзе зьбіраюцца сябры неафіцыйнага Саюзу палякаў.

Калі ўсё гэта скласьці разам, дык дзеяньні ўладаў фактычна ператвараюцца ў акцыю масавага застрашэньня. Між іншым, падкрэсьлім, што такія сынхронныя і масштабныя рэпрэсыўныя дзеяньні ніколі раней не ажыцьцяўляліся. Што гэта ўсё можа абазначаць?

Афіцыйныя тлумачэньні адносна ператрусаў нічога не праясьняюць, бо разам ня складваюцца ў нешта лягічнае («неакрэдытаваныя журналісты» ў вэрсыі МЗС і пошукі мульцікаў - у вэрсыі пракуратуры).

Відавочна, што прычына іншая. Тут варта зьвярнуць увагу на тое, супраць каго дзеяньні ўлады скіраваныя. Супраць палітычна актыўных людзей, незалежных журналістаў і мэдыяў і, нарэшце, супраць адной з самых вядомых няўрадавых арганізацый — гэта значыць, супраць усіх сэгмэнтаў незалежнага беларускага грамадзтва.

«Пускавым механізмам» гэтых дзяньняў, найверагодней, сталася тупіковая сытуацыя ў стасунках афіцыйнага Мінску з Эўразьвязам і ЗША, няздольнасьць падмацаваць «палітыку перамоваў» рэальнымі крокамі, якія вялі б да лібэралізацыі сытуацыі ўнутры краіны. На адсутнасьць рэальнага прагрэсу ЗША адрэагаваў санкцыямі.

Улада, у сваю чаргу, прадэманстравала ўсім заходнім структурам, што ў яе ёсьць магчымасьць «эфэктыўнага асімэтрычнага адказу» на хоць якія іх дзеяньні — у тым ліку і на ўвядзеньне эканамічных санкцыяў. «Асімэтрычны адказ» абазначае рэпрэсіі супраць усяго незалежнага беларускага грамадзтва. Паводле прынцыпу: вы — нас, а мы — «вашых». Пра свабоду слова і маніфэстацыяў, пра імідж краіны і пэрспэктывы яе геапалітычнага разьвіцьця гаворкі, вядома, ня йдзе.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках