9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Увядзеньне санкцыяў з боку Еўропы непазбежнае?

9

Эўрапейская супольнасьць ужо выступіла з рэзкім асуджэньнем дзеяньняў беларускіх уладаў 25 сакавіка падчас разгону прымеркавнай да 90-х угодкаў БНР вулічнай акцыі дэмакратычных сілаў са зьбіцьцём і затрыманьнямі мірных дэманстрантаў і 27-28 сакавіка, калі па ўсёй краіне прайшлі акцыі запалохваньня незалежных журналістаў.

Ці ўвядзе Эўрапейскі Зьвяз новыя санкцыі ў дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі? На гэтае пытаньне адказваюць экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка нагадвае, што санкцыі супраць Беларусі ўжо ўведзеныя з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі, і цяпер усё будзе залежаць ад скардынаванасьці пазыцыі Эўразьвязу з пазыцыяй ЗША.

-- Усе апошнія падзеі ў Беларусі былі “халодным душам” для тых у Брусэлі, хто ўжо прапаноўваў пачынаць шырокамаштабную супрацу з Аляксандрам Лукашэнкам, і, ва ўсякім разе, гэтая пазыцыя ўжо адыходзіць на другі плян, - адзначае палітык. – Не сумняваюся, што зноў паўстане пытаньне пэрсанальных палітыка-эканамічных санкцыяў і, магчыма, агульных санкцыяў з боку Эўропы, аналягічных амэрыканскім.

На думку Вінцука Вячоркі, гэта, у першую чаргу, могуць быць візавыя і рахункавыя санкцыі супраць непасрэдна адказных за загады і выкананьні рэпрэсіяў.

-- Але гэта могуць быць і санкцыі, якія будуць удараць па эканамічных інтарэсах непасрэдна групоўкі Лукашэнкі, -- лічыць палітык.

-- Ад Еўразвязу можна чакаць падтрымкі ў нейкай ступені санкцыяў з боку Злучаных Штатаў, - мяркуе галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты “Новы час” Аляксей Кароль. – Для беларускіх уладаў гэта будзе азначаць пагаршэньне эканамічнага стану.

-- Гледзячы па апошніх падзеях, такія санкцыі будуць уведзеныя на 90 адсоткаў, - выказвае меркаваньне праваабаронца Алег Волчак. – Паколькі даўно ўжо не было такога прэсынгу, як 25-га сакавіка, калі зьбівалі людзей, а таксама такога ўціску на незалежныя сродкі масавай іцнфармацыі, якія адныя падаюць альтэрнатыўную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі. Тым больш, што ўжо былі зробленыя заявы з боку Эўразьвязу. Увядзеньне санкцыяў цалкам рэальнае.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках