9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яраслаў Раманчук: «Адмена «залатой акцыі» – толькі першы крок»

Аляксандр Лукашэнка адмяніў сёння інстытут «залатой акцыі» – адмысловага права дзяржавы на ўдзел у кіраванні прадпрыемстваў, які дзейнічаў у краіне з 1997 года. Аднак, на думку кіраўніка Цэнтра Мізэса, эканаміста Яраслава Раманчука, гэта павінна стаць толькі першым крокам па прыцягненні ў краіну заходніх інвестыцый.

«Каб канчаткова не патрапіць пад залежнасць ад расейскага капіталу, Лукашэнка вырашыў пайсці насустрач капіталу заходняму, бо менавіта заходнія інвестары адмаўляліся працаваць у Беларусі з прычыны «залатой акцыі», – заявіў Раманчук у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Аднак, па словах эканаміста, гэта не азначае, што пасля адмены «залатой акцыі» у краіну ракой пацякуць інвестыцыі, гэты крок можа разглядацца толькі як першы, але далёка не адзіны на шляху рэфармавання эканомікі, за якім павінны рушыць сістэмныя рэформы для агульнага паляпшэння дзелавога клімату ў краіне.

«Адмена «залатой акцыі» – гэта вельмі пазітыўны крок, але трэба, у такім разе, пайсці далей і пачаць сістэмныя рэформы, у тым ліку прыняць Закон аб прыватызацыі, спрасціць працэдуру ліцэнзавання, адкрыцця і ліквідацыі бізнэсу, зрабіць празрыстым і менш цяжкім падаткаабкладанне, гэта значыць, выканаць тыя рэкамендацыі, якія даваў Беларусі МВФ яшчэ ў 1994 годзе, але якія тады былі праігнараваныя. У выніку мы страцілі цэлых 14 гадоў», – падкрэсліў Яраслаў Раманчук.

Як лічыць эканаміст, прычынай адмены «залатой акцыі» стаў глыбокі эканамічны крызіс, у які загнаў краіну Лукашэнка, спрабуючы трымаць пад кантролем абсалютна ўсё. «Абраны раней курс не прывёў эканоміку да росквіту, насупраць, мабыць, ужо моцна прыціснула. І улады, нарэшце, адчулі, што без улівання свежых капіталаў у самай блізкай перспектыве беларуская «стабільнасць» лопне як мыльная бурбалка», – упэўнены эксперт.

Пры гэтым Раманчук мяркуе, што прыняцце гэтага рашэнне не абышлося без ціску на ўладу з боку дырэктарата прадпрыемстваў. «У сваім цяперашнім стане беларускія прадпрыемствы не канкурэнтаздольныя на сусветным рынку, неабходныя мадэрнізацыя і рэструктурызацыя большасці прадпрыемстваў, а гэта патрабуе ўкладання сур'ёзных сродкаў, якіх няма ў краіне. Апроч гэтага на дзяржпрадпрыемствах існуе ўраўнілаўка, таму сапраўды творчыя, таленавітыя спецыялісты і кіраўнікі не затрымліваюцца – сыходзяць у камерцыйныя фірмы альбо з'язджаюць з краіны. Пры рынкавым падыходзе іх патэнцыял будзе годна ацэнены, як і прычыненая імі карысць», – падкрэсліў Раманчук.

Нагадаем, з сённяшняга дня, паводле ўказу Лукашэнкі, у Беларусі адмяняецца інстытут адмысловага права дзяржавы («залатой акцыі») на ўдзел у кіраванні гаспадарчымі таварыствамі, які выкарыстоўваўся ў краіне з 1997 года.

Больш за тое, у сакавіку 2004 года былі істотна пашыраныя ўмовы для ўвядзення «залатой акцыі» і адпаведныя паўнамоцтвы дзяржорганаў. Аднак у 2006 годзе было прынятае рашэнне не ўжываць «залатую акцыю» ў дачыненні банкаў.

Дзеянне права «залатой акцыі» ў Беларусі неаднаразова падвяргалася крытыцы са боку міжнародных фінансавых інстытутаў і з'яўлялася адной з асноўных перашкод для прыцягнення замежных інвестыцый.

Прадстаўнікі замежных краін не раз адзначалі, што «залатая акцыя» ў цэлым тармозіць развіццё беларускай эканомікі.

Напрыклад, часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Менску Найджэл Гулд-Дэвіс заяўляў, што права ўвядзення «залатой акцыі» робіць негатыўны ўплыў на інвестыцыйны клімат Беларусі, бо «дзяржава можа ў любы момант умяшацца ў справы прадпрыемства».

Пра гэта таксама гаварыла амбасадарка Латвіі ў Беларусі Майра Мора: «Штораз, калі ёсць магчымасць, я кажу пра тое, што «залатая акцыя» тармозіць інвестыцыі і не падганяе інвестараў да ўкладанняў у Беларусь. Яшчэ раз хачу заклікаць да адмены «залатой акцыі» як механізму, які стрымлівае інвестараў».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках