9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Саюзная дзяржава» як зброя махляроў

На памежжы Віцебшчыны і Смаленшчыны дзейнічае злачынная групоўка, якая карыстаецца «братнімі пачуцьцямі» расейскіх і беларускіх вяскоўцаў.

Схема, паводле якой працуюць махляры, выдатна дзейнічае ва ўмовах цяперашняй ідэалягічнай прапаганды гэтак званай «славянскай еднасьці» і «саюзнай дзяржавы» Беларусі й Расеі, пиша Bulletinonline.

На практыцы апэрацыя падману складаецца з двух этапаў. Спачатку ў расейскую ці беларускую вёску прыяжджаюць цыганы ды скупляюць ў сялян хатнюю жывёлу на мяса. Паколькі кошты прапануюцца прыстойныя – куды вышэйшыя за дзяржаўныя, вяскоўцы-пенсыянэры ахвотна прадаюць сьвініну ды ялавічыну жывой вагой і вельмі радуюцца атрыманым вялікім грашам...

А праз колькі дзён пачынаецца другі этап: да тых, з кім нядаўна разьлічыліся цыганы-прадпрымальнікі, прыяжджае імпазантная бляндынка, якая прадстаўляецца супрацоўніцай райвыканкаму ці муніцыпалітэту – у залежнасьці ад дзяржаўна-тэрытарыяльнай прыналежнасьці вёскі. Яна распавядае бабулькам-дзядулькам пра тое, што інтэграцыя Беларусі й Расеі ідзе поўнаю хадой, і што ўжо нават пачалася грашовая рэформа – уводзяцца адзіныя «расейска-беларускія» грошы. Спадарыня прапануе абмяняць "старыя" грошы, якія нібыта "ўжо адмяняюць", на "новыя" – намаляваныя невядомым мастаком і раздрукаваныя на каляровым прынтары.

Пра тое, што сапраўдныя грошы абмяняныя на нічога ня вартыя паперкі, даверлівыя пенсыянэры даведваюцца самым бліжэйшым часам у краме, спрабуючы разьлічыцца за набытыя прадукты. Або за галаву хапаюцца іхныя дзеці, прыяжджаючы з гораду па сялянскія гасьцінцы, – калі шчасьлівыя бацькі замест кілбасаў і сала ўручаюць ім "грошы супольнай будучыні"...

Групоўку махляроў шукае міліцыя адразу шасьці раёнаў: Гарадоцкага, Чашніцкага, Бешанковіцкага і Вушацкага на Віцебшчыне ды Невельскага й Усьвяцкага з памежнай Смаленшчыны. Пошукі цягнуцца ўжо амаль год, але пакуль безвынікова.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках