Буш устрымаўся ад віншаванняў Мядзведзеву
1- 5.03.2008, 13:18
Прэзідэнт ЗША Джордж Буш патэлефанаваў Дзмітрыю Мядзведзеву, абвешчанаму новым прэзідэнтам Расеі, але ўстрымаўся ад звыклых віншаванняў Белага дому пераможцам выбараў.
Расейскія дзяржаўныя агенцтвы навін паведамілі ўвечары ў аўторак, што Буш патэлефанаваў пераемніку Уладзіміра Пуціна, каб павіншаваць з перамогай на нядзельных выбарах, падвергнутых крытыцы заходнімі назіральнікамі.
Аднак, як перадае Рэйтэр, афіцыйнае паведамленне амерыканскага Белага дому адносна гутаркі Буша і Мядзведзева не змяшчае згадвання пра якія-небудзь віншаванні, якія Вашынгтон звычайна шле новаабраным замежным лідэрам.
"Я не збіраюся ўступаць у гульню слоў адносна віншаванняў або не-віншаванняў", – сказала прэс-сакратарка Белага дому Дана Пярына журналістам у адказ на пытанне, ці былі накіраваныя такія віншаванні.
"Наша пазіцыя адносна расейскіх выбараў... была добра вядомая і наша заклапочанасць была выказаная з самага пачатку".
У адказ на пытанне, ці была наўмыснай адсутнасць віншаванняў у гутарцы Буша з Мядзведзевым і іншых афіцыйных заявах з амерыканскага боку, Пярына адказала: "Я не ведаю ні пра якія абавязковыя намеры".
"Тое, што прэзідэнт зрабіў сёння – гэта патэлефанаваў абранаму прэзідэнту Расеі і яны правялі першыя перамовы", – падкрэсліла прэс-сакратарка Белага дому.
Нагадаем, стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой сталі больш нацягнутымі яшчэ пры Пуціну: бакі спрачаюцца па шырокім спектры пытанняў, ад незалежнасці Косава да іранскай ядзернай праграмы. І пакуль нішто не сведчыць пра тое, што гэтыя стасункі стануць лепшымі пры Мядзведзеве.