У рэгіёнах ужо скончыліся грошы
6- 11.04.2008, 9:46
Грошы, выдзеленыя дзяржавай на год для адраснай сацыяльнай дапамогі, ужо выкарыстаны.
У Пухавіцкім раёне на адрасную дапамогу пайшло 128 мільёнаў рублёў з выдзеленых 122, у Клецкім раёне – 114 мільёнаў з 89. Цяпер мясцовыя выканкамы бяруць сродкі з дадатковых дзяржаўных паступленняў. Ашчадзіць на адмене льготаў у дзяржавы не атрымалася, пераказвае «Еўрарадыё».
Паводле загадчыка аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсіянераў і інвалідаў Пухавіцкага райвыканкаму Сяргея Яроміна, за першы квартал у райвыканкам па адрасную дапамогу звярнулася 280 чалавек.
“Большасць – каля 45% – гэта няпоўныя шматдзетныя сем’і. У нас былі асігнаванні на гэты год у памеры 122 мільёнаў 300 тысяч рублёў. А прызначана ў нас на першы квартал 128 мільёнаў 300 тысяч. Дадаткова выдзелены асігнаванні Міністэрствам фінансаў” , - паведаміў Яромін.
Адмаўляюць у дапамозе рэдка. Пераважна тым, чые прыбыткі перавышаюць вызначаны крытэр патрэбаў. Аднак бываюць выпадкі, кажа Сяргей Яромін, калі заяўляльнікі свядома хаваюць лішнюю жылплошчу ці сужыцеля.
“Ёсць, вядома, выпадкі, калі людзі звяртаюцца, аднак права на дапамогу не маюць. Напрыклад, тыя, у каго быў выезд за мяжу цягам 12 месяцаў да звароту. Хтосьці мае больш за адно жыллёвае памяшканне. Нягледзячы на тое, што яны ведаюць пра гэтыя абмежаванні, усё роўна звяртаюцца, спрабуюць неяк “касіць”. Але дакумент ёсць дакументам. І калі разгортваеш пашпарт і бачыш, што чалавек ездзіў у Егіпет, і ён не можа патлумачыць, за якія сродкі ён туды ездзіў, безумоўна, трэба разумець, што ў яе ёсць сужыцель, які утрымлівае гэтую жанчыну”, - кажа службовец.
Сяргей Яромін лічыць, што казаць пра эканомію сродкаў шляхам адмены льгот не выпадае.
“Лагічна было б меркаваць, што льготы адменены для таго, каб пераразмеркаваць сродкі, неяк ашчадзіць. Аднак тое, што адбываецца з адраснай дапамогай, цяжка ўпісваецца ў межы ашчаднасці. Гэта робіцца не столькі адраснай дапамогай, колькі марнатраўствам дзяржаўных сродкаў і стымуляваннем утрымальніцкіх настрояў сярод насельніцтва”.
Нядаўна была прынята прапанова, згодна з якой у прыбытак грамадзян уваходзіць і адрасная дапамога. Гэта значыць, што чалавек можа звярнуцца па адрасную падтрымку не болей за 2 разы на год. Напрыклад, калі ён атрымаў грошы на тры месяцы, то наступным разам зможа падаваць заяву толькі яшчэ праз тры месяцы – раз на паўгады.
Дэпутатка “палаты прадстаўнікоў” Марыя Худая прапановала зладзіць чарговае паседжанне Міністэрства працы па праблеме адраснай дапамогі. Галоўнае, на яе думку, працаздольных людзей трэба прымусіць працаваць, знайсці ім матывацыю:
“Агулам па вобласці, па рэспубліцы за адзін квартал мы практычна скарысталі ўсё, што было вызначана на год. Сумы ідуць вялікія, а народ застаецца незадаволеным. Неабходна глыбей вывучаць стан рэчаў на месцах у кожным асобным выпадку, каб здзяйсняць дапамогу людзям. І такім шляхам вырашаць праблему.”
А пакуль праблема вырашаецца дадатковымі сродкамі з дзяржаўнага бюджэту. Кажа загадчык упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Клецкага райвыканкаму Васіль Сёмуха:
“Выдзелена было 189 мільёнаў. Скарыстана ўжо 114. Ну, і далей разглядаецца пытанне пра дадатковае выдзяленне грошай. Мы як прызначалі, так і будзем прызначаць. А дадатковыя асігнаванні з дзяржаўнага бюджэту будуць выдзелены”.
Паводле намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, параўнальна з мінулым годам памер сярэдняй субсідыі павялічыўся амаль у паўтары разы. І толькі за тры месяцы гэтага году адрасную дапамогу атрымала больш за 129 тысяч чалавек, а за ўвесь мінулы год – крыху меней за 60 тысяч.