Міністр фінансаў Мікалай Корбут больш за месяц знаходзіцца ў рэанімацыі
5- 16.04.2008, 9:51
14 сакавіка Мікалай Корбут перанёс шырокі інсульт. Ён быў шпіталяваны ў цяжкім стане ў Рэспубліканскую лякарню ўпраўлення справамі прэзідэнта, у аддзяленне рэанімацыі, дзе знаходзіцца і цяпер.
Інфармацыю пра стан здароўя міністра дактары не выдаюць, спасылаючыся на медычную таямніцу і адмысловую пастанову Савету міністраў.
-- Ёсць такая пастанова, -- сказала «Завтра твоей страны» намесніца галоўнага лекара Рэспубліканскай лякарні Алена Лапцева. - Мы не можам казаць пра стан здароўя пацыента без яго дазволу ці без дазволу яго сваякоў. Стан Мікалая Корбута стабільны, ён знаходзіцца на лячэнні.
Варта адзначыць, што 59-гадовы Мікалай Корбут, які займае пост міністра фінансаў больш за 10 гадоў, ніколі не хаваў, што мае праблему са здароўем -- цукроўку.
Цукровы дыябет можа правакаваць хваробы сэрцава-судзіннай сістэмы. У медыцыне нават маецца тэрмін - "небяспечны трыкутнік: дыябет -- халестэрын -- хваробы сэрца і судзінаў". У хворых на цукроўку, асабліва 2 тыпу, рызыка перанесці інфаркт ці інсульт павялічваецца ў 3-6 разоў.
Рэспубліканская лякарня ўпраўлення справамі прэзідэнта добра абсталявана. Сучаснае медыцынскае абсталяванне клінікі дазваляе ацаніць стан галаўнога мозгу пацыента, перанеслага інсульт, а значыць, дактары маюць магчымасць выбраць аптымальнае лячэнне. Тым не менш, цягам месяцу значных паляпшэнняў у стане здароўя Мікалая Корбута не назіраецца.
Вядомы расейскі нейрахірург-рэаніматолаг, прафесар НДІ хуткай дапамогі ім.Скліфасоўскага Сяргей Царэнка падкрэслівае: калі пасля інсульту на працягу месяца мозг не аднавіўся цалкам, гэта значыць, "што ў ім адбыліся нейкія сур'ёзныя змены" і маецца пагроза, што, калі пацыент і выжыве, "якасць яго жыцця будзе моцна падніжана".
Родныя Мікалая Корбута спадзяюцца на лепшае. А абавязкі міністра пакуль выконвае яго першы намеснік Андрэй Харкавец.